Фотаздымак на доўгія ўспаміны

“Месяц фатаграфіі ў Мінску” быў насычаны падзеямі. Восьмага кастрычніка ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбылася прэзентацыю кнігі “Сігізмунд Юркоўскі – фатограф з Віцебска”. Прадставіла выданне аўтар – дырэктар Музея Марка Шагала Людміла Хмяльніцкая.

Нічога выпадковага не бывае
Безумоўна, пакінуць імя віцебскага фатографа на залатых старонках нашай гісторыі ёсць шмат падстаў. Вынаходнік «імгненнага затвора». Выбітны майстар і прадпрымальнік: трыццаць пяць гадоў працавала яго фотаатэлье ў Віцебску, у той час як канкурэнты пастаянна з’яўляліся і хутка знікалі. Яго здымкі ахвотна цытуе сённяшняя ітэрнэт-прастора (увядзіце ў пошукавік “апошнія дзеці ВКЛ” – і атрымаеце спасылку на зробленыя ім дзіцячыя партрэты). І тым не менш, адзначае Людміла Хмяльніцкая, Сігізмунд Юркоўскі (1833—1901) застаўся па-за ўвагай даследчыкаў: факты яго біяграфіі малавядомыя, а творчасці прысвечана ўсяго некалькі адзінкавых газетных і часопісных публікацый”.
Слухаючы, як Людміла Уладзіміраўна распавядае пра сваю кнігу, пераконваешся: нічога выпадковага не бывае. Варта было пацягнуць за нітку, клубок гісторыі пачаў ахвотна размотвацца. “Аднойчы, працуючы ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, я абсалютна выпадкова знайшла атэстат, выдадзены калежскаму сакратару Сігізмунду Антонавічу Юркоўскаму, з Магілёўскага губернскага акцызнага ўпраўлення 25 ліпеня 1866 года. Гэты ўнікальны дакумент быў паслужным спісам Сігізмунда Юркоўскага, ён стаў ключом, што даваў магчымасць адкрыць яго біяграфію” – расказала даследчыца. Дакумент трапіў ёй, бо яна мела такія выдатныя якасці, як настойлівасць і цярпенне, каб дасягнуць мэты. Наступным крокам быў зварот да сусветнай павуціны – можа, знойдуцца тыя, хто пазнае сваіх продкаў? У сеціве знайшлася жанчына з Разані, у сямейным альбоме якой захавалася гісторыя ў фотаздымках. Такім чынам было знойдзена 80 прац Юркоўскага.
Вынік – цікавая кніга, дзе чытача чакае не толькі біяграфічны нарыс пра фотамайстра, але і звесткі таго часу: артыкулы Сігізмунда Юркоўскага, надрукаваныя ў пецярбургскіх часопісах «Фотограф» і «Русский фотографический журнал», а таксама яго фотаздымкі (больш за 80), якія захоўваюцца цяпер у дзяржаўных і прыватных зборах Беларусі і Расіі.

Гіпотэзы і супадзенні
Дакладна невядома, дзе нарадзіўся Сігізмунд Юркоўскі, але архівы захавалі рэдкі дакумент – “Балавую кнігу” з адзнакамі вучняў Магілёўскай гімназіі за 1848/49 навучальны год.
Дакранаючыся да лёсу славутага фатографа, нельга не прамовіць добрае слова яго настаўніку малюнка: сярод двоек ды калоў па шэрагу прадметаў атэстат вучня Юркоўскага пастаянна ўпрыгожвала пяцёрка па маляванню. Менавіта гэты талент дапамог яму стаць не проста стваральнікаў выяў, а сапраўным майстрам.
Дарэчы, сярод выхаванцаў гэтай установы на дзесяць гадоў раней за Юркоўскага быў і да гэтага быў Андрэй Дзеньер, папулярны ў Паўночнай расійскай сталіцы. Пасля вучобы ў ліцэі г. Нежына (у якім раней вучыўся Гогаль), куды лёс заносіць Юркоўскага пасля Магілёва, яму наканаваны Санкт-Пецярбург. Людміла Хмяльніцкая будуе гіпотэзу – падчас вучобы ў Санкт-Пецярбургу Юркоўскага значна менш хвалявалі прадметы, што выкладаліся на медыка-хірургічным, куды ён паступіў, а вось у славутага майстра Андрэя Дзеньера ён навучыўся вялікай колькасці метадаў і прыёмаў. Можна працягнуць ланцужок згадак – і ці не дапамог сродкамі славуты майстар, каб Сігізмунд змог адчыніць ў Віцебску фотаатэлье? Вучобу ён кінуў праз год. Як сведчыць дакумент – моцная хвароба лёгкіх перашкаджала працягнуць яе.

Рызыка – справа высакародная
Паставіць на новую прафесію ў той час было менавіта рызыкай. Зразумець рэакцыю мастакоў-партрэтыстаў на з’яўленне фатографаў можна. Па-першае, гэта ніякага дачынення не мае да мастацтва – такі быў агульны вердыкт. Па-другое, гэта была канкурэнцыя. Замовіць партрэт каштавала куды больш, чым пакінуць нашчадкам на памяць аб сабе фота. Ды гісторыя любіць парадоксы: менавіта на фота Юркоўскага захавалася адно з палотнаў Ільі Рэпіна, з якім Сігізмунд сябраваў. Мастак дазваляў фатографу здымаць у сваёй майстэрні ў Здраўнёва.
Пан Сігізмунд агучвае свае думкі на старонках часопіса для фатографаў. У вялікім горадзе працаваць прасцей: адны атэлье спецыялізуюцца на партрэце ў рост чалавека. Іншыя – на мініяцюрах для медальёнаў. Яму даводзіцца рабіць усё – бо згубіш кліентаў. І ён паспяхова спраўляецца з пастаўленай задачай.
Яго трапныя назіранні робяцца артыкуламі. Юркоўскі расказвае пра фота зняволеных – рабіць іх было абавязкам, які ўскладаў муніцыпалітэт. Адзначае – не было жанчыны, якая б не стала папраўляць халат. Мужчыны прасілі здымаць іх у кашулі, каб не быць падобнымі на вязняў. Распавядае Юркоўскі, як перахітрыў аднаго кемлівага вязня (той пачынаў крывіцца, і здымак не атрымліваўся – у адрозненне ад сённяшніх імгненных здымкаў тады трымацца нерухома было трэба значна даўжэй). Юркоўскі папярэдзіў яго сядзець нерухома, калі здымак ужо быў зроблены.
Ахвотна дзеліцца з калегамі сакрэтамі працы з фотапаперай. Усе скардзяцца, што яна расцягваецца і псуе партрэты. Юркоўскі прапануе круглыя твары друкаваць на той, што цягнецца ўдаўжыню, а выйгнутыя – наадварот. Да гэтага вельмі ўважліва ставяцца дамы.
Не пакідае па-за ўвагай і такую рэч, як расліны ў кадры. Трэба адзначыць яго мастацкі густ – яго здымкі імі не перагружаны. Ідэал Юркоўскага – “фатограф, знаёмы з клуьтурай раслін і да таго ж не пазбаўлены спагады да гэтых істот”.
Дзе гэта вуліца, дзе гэты дом?
З сучаснай карты Віцебска вуліца Замкавая, дзе знаходілася фотаатэлье Сігізмунда Юркоўскага, знікла. Засталося толькі паспарту з выявай – тагачаснай рэкламай-візітоўкай. Калекцыю фотаздымкаў старога Віцебска, якія з любоўю зрабіў майстар, – 27 паштовак – не так даўно выдалі, і яна карыстаецца попытам. Ракурс, які “ўхапіў” Сігізмунд Антонавіч, выкарыстоўвалі яго паслядоўнікі. У польскім архіве захваўся арыгінал аднаго з фотаздымкаў, які стаў паштоўкаю неўзабаве, калі ўвайшлі ў моду “адкрытыя лісты”. Так што з аўтарскім правам, як бачым, і тады не вельмі лічыліся. Адносіны з сучаснікамі ў талентаў простымі не бываюць. Ён быў удзельнікам першага з’езду рускіх дзеячоў па фатаграфічнай справе ў Маскве ў 1896 годзе, але яго здымкі ні разу не былі надрукаваны ў “Памятных кніжках Віцебскай губерні”, калі рэдактарам іх быў Аляксей Семянтоўскі, выпускнік таго ж Нежынскага ліцэя, што і майстар. Але і Семянтоўскі не змог абысці маўчаннем мастацка-археалагічную выстаўку, прысвечаную Віцебску, на якой работы Юркоўскага былі прадстаўлены ў трох раздзелах. (Ён выступіў як мастак, фатограф і нумізмат.) Артыкул Семянтоўскага (у тым ліку і пра фотамастака) друкаваўся з працягам у чатырох нумарах газеты “Віцебскія губернскія ведамасці”, а потым выйшаў асобнай брашурай.

“Партрэтны горад” Віцебск і шмат цікавых гісторый адкрыецца чытачу на старонках кнігі “Сігізмунд Юркоўскі – фатограф з Віцебска”, што ўбачыла свет у выдавецтве “Чатыры чвэрці” ў 2014 годзе.
Вольга ПАЎЛЮЧЭНКА

Добавить комментарий