Днямі ў кнігарні “Логвінаў” адбылася сустрэча з Тодарам Кашкурэвічам, які расказваў пра свайго бацьку Арлена Кашкурэвіча. Мерапрыемства не было прымеркавана да пэўнай даты.
Тодар разбірае бацькоўскія архівы, і ўнутраны дыялог сына з бацькам, мастака з мастаком, што пачынаецца, калі сыходзіць блізкі чалавек, асэнсаванне яго асобы, ролі ў сваім жыцці і ў жыцці грамадства, месца ў культуры непазбежнае. Ці проста ў гутарцы, што цягнулася каля гадзіны, арэсліць усе аспекты дзейнасці мастака, які візуалізаваў для нас творы выбітных беларускіх і не толькі літаратараў?
Ці лёгка выступаць у ролі халоднага даследчыка, калі гаворка ідзе пра роднага чалавека? Мяркую, што не. Але Тодар намагаўся быць бясстрастным. Прыгадаў раман на матэрыяле гісторыі Францыі, што падлеткам Арлен пісаў падчас вайны ў саратаўскай эвакуацыі, – уражаны, колькі дакументаў хлопец вывучыў, каб прыкметы эпохі, пра якую піша, былі дакладнымі. Не прамінуў узгадаць і паштоўкі з лацінскімі подпісамі, якія мастак ствараў для кожнага з сяброў – на Новы год і іншыя святы.
Па словах Тодара, у мастацтве Арлен Кашкурэвіч быў працаўніком-рамеснікам: кожны дзень ён нястомна шчыраваў у майстэрні, не шкадуючы сіл.
З вялікай павагай сын адзначыў, наколькі шмат бацька чытаў і як уважліва вывучаў творы, над якімі працаваў у якасці ілюстратара: ён быў жорсткім, калі ілюстраваў Быкава, Адамовіча. Ён быў рамантычным, калі яго натхняла “Песня песняў”, калі шчыраваў над аздабленнем зборніка лірыкі “Яна і я”. Нешматслоўны, ён быў філосафам. Вельмі патрабавальна падыходзіў да ўласных работ – некаторыя так і засталіся ў архівах, бо лічыў, што наступныя зроблены на больш высокім узроўні.
Палічкі кнігарні ўпрыгожылі кнігі з ілюстрацыямі Арлена Міхайлавіча: творы Пушкіна ў перакладзе на белрускую, “Фауст” Гётэ, “Яна і я”, кніжка серыі “Беларускі экслібрыс” і іншыя. Многія з іх ужо бібліяграфічная рэдкасць. Калі пашанцуе, вы можаце набыць казкі Андэрсэна і вярнуцца праз час ва ўласнае дзяцінства.
Тодар Кашкурэвіч паабяцаў, што неўзабаве арганізуе выстаўку твораў Арлена Кашкурэвіча, якія раней не экспанаваліся.
Вольга ПАЎЛЮЧЭНКА