Вольга Лабачэўская: “Я за класічныя ілюстрацыі”

Галоўнай рысай характару Вольгі Лабачэўскай назвала б мэтанакіраванасць. Кандыдат мастацтвазнаўства, выкладчык, аўтар вялікай колькасці кніг, на тэмы беларускай аўтэнтычнай культуры, вядомых шырокаму колу людзей.
– Вольга Аляксандраўна, раскажыце, калі ласка, як пачыналі шлях у Краіну чытання

і што сёння на Вашай кніжнай палічцы?
– Чытаць пачала, відаць, як і большасць людзей, – у школе. Дома была багатая бібліятэка. Руская класічная літаратура. Выданні пасляваенных гадоў – Гогаль, Пушкін, Тургенеў, Мамін-Сібірак… Яны захаваліся і па сёння – гляджу на кніжку Гогаля і думаю: “Ёй хутка будзе семдзесят!”
Шчыра скажу, апошнія гады на мастацкую літаратуру часу не хапае – толькі на навуковую. Ды гэта не менш цікава. Нават неспецыялістам прапаную М. Ямпольскага “Ткач и визионер. Очерки истории репрезентации, или О материальном и идеальном в культуре” – пра разуменне культуры, яе спадчыну, як змяняецца погляд на філасофію культуры.
Газеты чытаю ў электронным варыянце. Пераважна выбіраю тое, што на дадзены момант патрэбна для працы.
– Якія кнігі лічыце абавязковымі для дзіцячага чытання?
– Упэўнена, дзіця павінна ведаць добрыя казкі. Унуку шукаю казкі савецкіх часоў выдання. “Віні-Пуха” з выдатнымі ілюстрацыямі. “Сароку-белабоку”. Трэба, каб дзіця не толькі глядзела мульцікі пра чарапашак-ніндзя, а бачыла прыгажосць, дабрыню. Выбіраю не сучасныя кніжкі, з камп’ютарнай графікай, а з класічнымі кніжнымі ілюстрацыямі, каб быў іншы візуальны ўзор. Вельмі падабаюцца казачныя сюжэты Васняцова.

Вольга Паўлючэнка

Добавить комментарий