Чытанне да Масквы давядзе

Беларускія школьнікі 6 чэрвеня 2014 года змагаліся за перамогу ў Міжнародным фінале ІІ Міжнароднага конкурсу юных дэкламатараў “Жывая класіка” ў расійскай сталіцы.

Пуцёўкай у Маскву стала асабістае жаданне, добрае веданне літаратуры, акцёрскія здольнасці і шмат іншых крытэрыяў, якія і дапамаглі Іллі Космачу (гімназія г. Ганцавічы Брэсцкай вобласці), Віктару Шыману (СШ № 8 г. Жодзіна Мінскай вобласці) і Эліне Вялесік (гімназія № 2 г. Ваўкавыска Гродзенскай вобласці) паспяхова прайсці раённы і абласны этапы спаборніцтва і ўразіць шаноўнае журы на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Максіма Горкага ў г. Мінску.
Нават не ведаю, хто з іх хваляваўся болей – самі выступоўцы ці настаўнікі, якія прывезлі сваіх вучняў з усіх куткоў рэспублікі ў Мінск на заключныя выпрабаванні – Нацыянальны этап. Кожны з настаўнікаў напісаў і кароценькае прадстаўленне для сваіх вучняў, дзякуючы якому можна было прадставіць, што за асоба перад намі. Бачыла іх сціснутыя пальцы і шчаслівыя ўсмешкі пасля выступлення дзяцей. У перапынку, калі яшчэ не былі вядомы іпрозвішчы пераможцаў, запытала ў ганцавіцкіх настаўніц, выступленне выхаванцаў якіх – Андрэя Міхалапа і Іллі Космача – вельмі падабаліся, як удалося дасягнуць таго, каб сучасныя камп’ютарныя хлопчыкі адхінуліся ад іншых забаў і пранікліся літаратурай. Адказ быў аднолькавым – па-першае, самім любіць прадмет, які выкладаеш, і тых, каму яго выкладаеш. Дваццацішасцігадовая Наталля Бортнік упершыню рыхтавала вучняў да такога адказнага мерапрыемства: “Тыдзень спецыяльна перачытвала дзіцячую літаратуру. Кожнаму з дзевяці канкурсантаў падбірала ўрывак у залежнасці ад духоўнага свету, яго здольнасцей, характару дзіцяці. Ведала, што Андрэй вельмі творчы, эмацыянальны”.
Вопытны настаўнік Галіна Амельяновіч, настаўніца Іллі, падкрэслівае: “Адной з умоў конкурсу было – нікога нельга прымушаць, толькі прапаноўваць. Я рыхтавала дзесяць удзельнікаў. Дарэчы, некаторыя вучні самі сябе прапаноўвалі і для іх урыўкі шукаць было складаней. А Іллю я проста ўбачыла, калі патрапіўся менавіта гэты тэкст. І пад голас, і пад эмацыянальныя магчымасці. Сказала яму: “Я прапаную табе такое, што ты не адмовішся”. Ён прачытаў тэкст Драгунскага і загарэўся”. Праз рэшата адбору раённага і абласнога конкурсу прайшлі два.
На пытанне, колькі Ілля вучыў празаічны тэкст на памяць, жвавы гарэза адказвае: “Адзін дзень!”. Што ж, у дванаццацігадовым узросце аб’ём памяці найвялікшы, гэта вядома з курсу псіхалогіі. Як жа прыемна было даведацца, што хлопчык стаў адным з трох уладальнікаў першага месца!
Дваццаць адзін удзельнік заключнага этапу конкурсу меў толькі пяць хвілін, каб прачытаць на памяць урывак з добра вядомых і любімых твораў: Хамелеон» А.П.Чэхава, «Ночь перед Рождеством» М.В.Гогаля, «Кусака» Л.Андрэева, «Галоша» М.Зошчанка, «Иван» У.Багамолава, «Маленький принц» Антуана дэ Сэнт-Экзюперы і інш.
У складзе журы былі два народных артыста Рэспублікі Беларусь – В.М. Клебановіч і А.Л. Ткачонак, адказны супрацоўнік Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь А.Р. Кудаярава, навукоўцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта І.С. Роўда, І.В.Таяноўская, прадстаўнік Беларускай дзяржаўнай академіі мастацтваў Н.І. Краснадубская.
Паспрыялі правядзенню конкурсу для шасцікласнікаў – а задзейнічана ў ім было 570 навучальных устаноў рэспублікі – Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, міністэрствы адукацыі і культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатра імя Максіма Горкага.
Кіраўнік Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, Саветнік Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Віктар Малашенка зачытаў прывітальны ліст намесніка кіраўніка Рассупрацоўніцтва Ларысы Яфрэмавай, у якім адзначалася: «Правядзенне конкурсу «Жывая класіка» спрыяе міжнародным кантактам, далучае да культурных каштоўнасцей Расіі, адной з найбагацейшых скарбніц сусветнай культуры. В. Малашенка пажадаў юным артыстам выхоўваць у сабе любоў да кнігі і чытання, таму што яна спрыяе фарміраванню лепшых якасцей – дабрыні, міласэрнасэрнасці, спагады.
Дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Раіса Сідарэнка адзначыла вялікую ролю настаўнікаў, якія парупіліся раскрыць у вучняў і артыстычны, і чытацкі талент.
І яшчэ адзін момант, які мог бы паспрыяць любові да кнігі – на гэта мерапрыемства трэба было запрасіць больш гледачоў. Таму што светлае ўражанне ад шчырых маленькіх артыстаў, якія перагарнулі любімыя старонкі вядомых кніг, стварыў сапраўднае свята.
Вольга Паўлючэнка

Добавить комментарий