Сямейныя фота на школьную дошку гонара

У Крупіцкую сельскую бібліятэку, што месціцца на другім паверсе Цэнтра культуры, я зазірнула выпадкова – было трохі вольнага часу да мерапрыемства, якое прыехала асвятляць.

І вельмі ўдзячна лёсу, які звёў з цудоўнай жанчынай Людмілай Пальчык, загадчыцай бібліятэкі. Менавіта яна паказала краязнаўчы музей і дала пагартаць альбом “Гісторыя Крупіцкай сярэдняй школы”. У кастрычніку гэтага года Крупіцкая адукацыйная сярэдняя школа адзначае 150-гадовы юбілей.
Любоў да пісьменнасці і навучання
У слыннай установы незвычайная гісторыя. Нароўні з адзначанай усімі памяркоўнасцю і талерантнасцю галоўнай рысай беларусаў з’яўляецца прага да ведаў. Пра гэту рысу гаварыў у 70-х гадах 19 стагоддзя аглядальнік школьнай справы на Беларусі М.Р. Радзевіч: “Самай моцнай, так сказаць, асноўнай акалічнасцю з тых, якія спрыяюць вучылішчам, ёсць любоў ёсць любоў беларускіх сялян да пісьменнасці і навучання”. Менавіта яна падштурхнула мясцовых сялян, вызваленых ад прыгоннага права ў 1861-м, звярнуцца да губернатара з просьбай адчыніць у Крупіцы народнае вучылішча. Да слова, дазвол атрымалі толькі з трэцяга заходу. Першы раз хадакоў нават не прынялі, другі – адправілі збіраць яшчэ подпісы, і толькі на трэці ўлада дала згоду. Крупіцкае народнае вучылішча знаходзілася на ўтрыманні Міністэрства асветы і сялян. Прычым грашовыя паступленні з боку апошніх пастаянна раслі. Так, у 1874 годзе Міністэрства асігнавала на Крупіцкую школу 157 руб. 17 кап., а сялянская грамада 67 руб. 83 капейкі, у 1886/7 навучальным годзе адпаведна – 150 і 178 рублёў.
Спачатку гэта была пачатковая школа. Потым сямігодка. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны было прынята рашэнне ператварыць яе ў сярэднюю школу. У час акупацыі ў школе быў размешчаны нямецкі гарнізон У выніку знаходжання там няпрошаных гасцей яна апынулася ў напаўразбураным стане. У чэрвені 1945-га дырэктарам быў прызначаны ўраджэнец вескі Пяцеўшчына Уладзімір Матрунчык Фёдаравіч. Навучальны год прыйшлося пачынаць з адбудавання школы. Рабілі рукамі настаўнікаў і вучняў, а таксама брыгады палонных немцаў.
Прага да ведаў праяўляецца з маленства. Адзін з першых сямейных фотаздымкаў, які цудам ацалеў зафіксаваў: побач з дзедам на руках у бабулі маленькая мама, гадочкі са два, моцна сціскае у руцэ аловак.

“Малая Аленка” і яе сяброўкі
У альбоме “Гісторыя Крупіцкай сярэдняй школы” спаткаўся радок, які прымусіў моцна забіцца сэрца: “У 1950 годзе з сярэбраным медалём школу скончыла Алена Васільеўна Саковіч, якая потым паступіла ў педінстытут і ўсё жыццё прапрацавала настаўніцай”.

9 кл крупица 1949 год

Уласна сямейная гісторыя з гэтага і пачынаецца. Бо Алена Васільеўна Саковіч, па мужу Норына, – мая маці, якую я страціла ў ліпені гэтага года. У спадчыну мне засталася драўляная скрыначка, дзе ўсё жыццё ляжалі галоўныя матчыны набыткі – сярэбраны медаль, універсітэцкі ромбік і залаты шлюбны пярсцёнак, падораны бацькам значна пазней, чым было вяселле. Не да золата было ў 1950-я пасляваеннай моладзі.

(Пра ромбік трэба зазначыць: да яго дадавалася спецыяльнае пасведчанне – у тым, што яна мае права нашэння нагруднага знака для тых, хто скончыў універсітэт, – у адпаведнасці з Указам прэзідыума ВС БССР ад 4 верасня 1945 года.)
Яе апошнія гады, калі ўжо не выходіла на вуліцу з гарадской кватэры, прайшлі з кнігай. Так, забывалася, дзе скончыла чытаць, і пачынала спачатку, але ж гэта было не лёгкае чытво, не жаночыяраманы – сур’ёзныя творы сучасных беларускіх пісьменнікаў.
Маміны школьныя гады прайшлі з перапынкам на ваеннае ліхалецце. (Хата згарэла ў вайну, усе дакументы, жылі ў сястры Ніны. Загінулі родныя: фашысты спалілі разам з людзьмі і суседскую вёску Рыбцы.) Як сведчыць адноўленае пасведчанне аб нараджэнні, выдадзенае ў красавіку 1948-га “на глазок”, мама нарадзілася “ў першай палове 1929 года”. Насамрэч мама нарадзілася ў 1930-м, але спрачацца не стала. Некаторыя ж яе сяброўкі – хто за курку, хто за гуску – скінулі сабе па 5–10 гадкоў. Як жа давялося ім пасля патупаць, збіраючы дакументы, каб не працаваць, як маладыя, калі ўжо даўно дасягнулі пенсійнага ўзросту!
Сярэбраны медаль даў магчымасць пасля школы паступіць без экзаменаў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Мама паспяхова скончыла аддзяленнерускай і беларускай мовы і літаратуры – пару чацвёрак, астатнія – “выдатна”. Працавала ў школе ў Азярычына, у Мачулішчах (пераязджала за мужам-афіцэрам з месца на месца, пакуль не апынуліся ў сталіцы). А потым жыццё злучыла з выдавецкай дзейнасцю. Беларускі політэхнічны, рэдакцыя газеты МУС БССР, Беларускі тэхналагічны, рэдакцыі часопісаў “Бярозка”, “Родная прырода”, “Вясёлка”.

архив 4
вясёлка 1982 год

Шмат беларускіх выданняў захоўваюць у выходных даных радок: “Карэктар – А.В. Норына”. Не рызыкну прыводзіць увесь спіс людзей, якія вельмі паважалі яе за ўдумлівую якасную працу, назаву некалькі імёнаў: Васіль Вітка, Сяргей Грахоўскі, Анатоль Грачанікаў, Алена Лось, Яўген Ларчанка, Мікола Маляўка, Мікола Чарняўскі, Казімір Камейша… Хаваю і стос ганаровых грамат, якімі мама адзначана за сваю дзейнасць. А яе ўспаміны пра школу, куды хадзіла за некалькі кіламетраў з роднай Закружкі, далі мне падставу напісаць апавяданне “Малая Аленка”: пра тое, як маме карцела даведацца, ці праўда ёсць на свеце Заходняя Беларусь і ці жыве там дзяўчынка, фота якой надрукавалі ў газеце. Мама напісала ліст – і атрымала адказ. Да вайны яны перапісваліся.
Марыя Серафімаўна
А вось скончыла педуніверсітэт і ўсё жыццё працавала настаўніцай маміна сяброўка-аднакласніца Марыя Юрэвіч.

мария юревич

Марыя Серафімаўна Юрэвіч (па мужу Ларычава) нарадзілася 9 красавіка 1930 г. у вёсцы Станкоўшчына, што ў 25 кіламетрах ад Мінска, раней – засценак Станкаўшчызна Ігуменскага павета). Сёння гэтага населенага пункта няма на карце. (Дарэчы, гэты лёс яму быў наканаваны даўно: бесперспектыўную вёсачку з чатырох двароў збіраліся перанесці ў бліжэйшую Вішнеўку 23 чэрвеня 1941-га, нават знялі дах з хаты Юрэвічаў, але 22-га пачалася вайна. Толькі ўлютым 1942-га дах накрылі, і гэта адзіная ацалелая ад абстрэлаў ворага хата стала прытулкам для некалькіх сем’яў).
Да вайны скончыла чатыры классы Лозкаўскай пачатковай школы (2 км ад дома). Пасля вайны вучылася ў Крупіцкай сярэдняй школе (6 км ад дома – праз поле, у непагадзь, даводзілася прасіцца на начлег да знаёмых у Крупіцы), дзе і пачалося іх сяброўства з маці – на ўсё жыццё.мама и маня

У 1950 г. паступіла на гістарычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (сёння БДПА імя М. Танка). У 1954 г. была накіравана ў Смілавіцкую сярэднюю школу, дзе прапрацавала настаўніцай гісторыі 40 гадоў. У 1978 годзе атрымала ганаровае званне – заслужаны настаўнік БССР. Яе любоў да прадмета натхніла многіх вучняў падаць дакументы на гістфак. На жаль, Марыі Серафімаўны ўжо няма з намі. Яна пакінула трох дзяцей і пяцёра ўнукаў, адзінз якіх, Улад, даследаваў свой радавод па матчынай лініі, што прывяло яго да перамогі ў рэспубліканскай алімпіядзе.
Пакручасты лёс
У спіс ганаровых імёнаў школа з поўным правам можа дадаць і Міхаіла Юрэвіча, брата Марыі Серафімаўны, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.

миша

Ён нарадзіўся ў 17 чэрвеня 1927 года, да вайны скончыў сем класаў Крупіцкай школы. У ваенныя гады давялося замяніць дарослых – і пахаў, і сеяў, і касіў. Пасля вызвалення Беларусі ў 1944-м у семнаццацігадовым узросце быў прызваны ў Савецкую Армію. Адслужыў сем з паловай гадоў. Потым скончыў вячэрнюю сярэднюю школу ў Мінску і паступіў на завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта педінстытута. Падчас вучобы кемлівага здаровага хлопца (а цягаць на плячы тагачасную апаратуру было зусім нялёгка) запрасілі ў 1953-м працаваць аператарам на кінастудыю “Беларусьфільм”. Скончыў педінстытут у 1959-м. потым – галоўным тэлеаператарам Беларускага тэлебачання. На яго рахунку шмат работ: “Кряженок” (рэж. М. Калінін, 1968), “Живая нить” (1972), “Беседа с писателями” (1972), гульнявы т/ф “Мы – хлопцы живучие” (рэж. У. Станкевіч, 1974), “Беларусь моя, песня моя” (1958), “Старт” (1975), “Высокая честь” (1976), “Дом на бывшей Крестьянской” (1981) і інш.
Пакручасты лёс занёс у ЗША – дачушка Галіна выйшла замуж і забрала бацькоў да сябе. (Праўду казаў Хэмінгуэй: “Не пытайся, па кім звоніць звон, ён звоніць і аб табе”. Амерыканская трагедыя адгукнулася ў нас – Галачцы цудам удалося застацца ў жывых: яна працавала на адным з ніжніх паверхаў вежаў-блізнят, якія падарвалі тэрарысты 11 верасня 2001 года.) Зямны шлях Міхаіла Юрэвіча скончыўся 30 красавіка 2007 года.

 

мама миша мария
Пакаленні next
Цешу сябе думкаю, што калі-небудзь у крупіцкіх краязнаўцаў дойдуць рукі і да дзяцей ды ўнукаў колішніх вучняў – цікавасць да каранёў уласціва нашаму часу. І тады яшчэ не адну залатую старонку можа будзе ўнесці ў летапіс школы.
Штогод праходзіць у Гродне Міжнародны турнір па валейболу памяці братоў Александра і Юрыя Сапегі, маіх стрыечных братоў, сыноў роднай матчынай сястры, Соф’і Васільеўны Саковіч (па мужу – Сапега). Пасля васьмі класаў Крупіцкай школы скончыла прафтэхшколу, па размеркаванні трапіла ў Гродна, дзе ўсё жыццё прапрацавала на швейнай фабрыцы і таксама мае шмат узнагарод за сваю добрасумленную працу. Лёс не пашкадаваў цётку Соф’ю – яна перажыла абоіх сваіх дзяцей.

сашка и юрик

Імя майстра спорта Міжнароднага класа Аляксандра Сапегі носіць спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву ў Гродне. (У ліхія дзевяностыя пад Масквою забіты бандытамі, і яго забойцаў так і не знайшлі.) Заўчасна пакінуў свет і саракагадовы Юрый – не вытрымала сэрца). З 2006 года па чарзе ў Маскве і ў Падуі (галоўным трэнерам клуба якой працаваў пэўны час) адбываюцца Мемарыялы Юрыя Сапегі з удзелам ветэранаў зборных СССР і Італіі. Імем Юрыя Сапегі, майстра спорта СССР міжнароднага класса, заслужанага трэнера Расіі, названы спартыўна-аздараўленчы комплекс «ВолейГрад» у с. Віцязева Краснадарскага краю.
Адзначана ганаровымі граматамі і стала гераіняй шматлікіх газетных публікацый дачка Марыі Юрэвіч, настаўніца працоўнага навучання СШ № 2 г.п. Смілавічы Чэрвенскага раёна, сярод вучняў якой хапае пераможцаў (напрыклад, у 2007-м адразу тры дзяўчынкі сталі пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды).

IMG_2560
І для Крупіцкай бібліятэкі-музея ў нашым сямейным архіве тое-сёе знойдзецца: асоба ўнука Ніны Аляксандраўны Саковіч (Коўзік) Андрэя Лук’янава – чэмпіёна кубка свету па дайвінгу 2008 і 2009 гадоў. Ды і саму цётачку Ніну, народжаную 26 лютага 1924 года, там варта прыгадаць. Хаця скончыла толькі чатыры класы Закружанскай школы і не пайшла далей вучыцца пасля вайны, працоўная біяграфія ў яе амаль японская – усё жыццё на адным прадпрыемстве.нина ковзик и лена москалева

Узнагароджана за 40 год добрасумленнай працы на хлебазаводзе “Аўтамат” медалём Савета Міністраў БССР “Ветэран працы”, неаднаразова адзначалася як лепшыработнік аб’яднання.
Вольга ПАЎЛЮЧЭНКА, фота з сямейнага архіва аўтара і Алены Кулагі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *