Валянцін Губараў: “Не прэтэндую на тое, каб усім падабацца”

 

 

Візітка: Валянцін Губараў нарадзіўся ў 1948 годзе ў г. Горкім (сённяшнім Ніжнім Ноўгарадзе). Скончыў Маскоўскі паліграфічны інстытут. Член Беларускага союза мастакоў з 1972 года. З 1991 года ўдзельнічае ў выстаўках. Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеі “Zimmerly Art Museum” (ЗША), галерэях і прыватных зборах Расіі, ЗША, Англіі, Японіі, Іспаніі, Ізраіля, Германіі, Францыі, Аўстрыі, Бельгіі, Польшчы і Турцыі.

 

Кніга пра Валянціна Аляксеевіча рыхтуецца ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. На пытанне, як ставіцца да гэтага “партрэта”, адказвае: “Калі шчыра, мастаку важна, каб яго карціны надрукавалі. А як напішуць, гэта ўжо не зусім істотна. Мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч убачыць мяне так, Таццяна Цюрына напіша па-іншаму, Ларыса Бортнік яшчэ інакш. Усё роўна гэта буду я. Галоўнае, каб ілюстрацыі выглядалі дастойна. Шкада, што кніга не паспее да выстаўкі, якая рыхтуецца ўва Францыі, і той, што адбудзецца ў галерэі “ЛаСандр-арт” 16 верасня 2011 года”.

Сёння ён малюе карціны, жанр якіх мастацтвазнаўцы называюць сінтэтычным, а створаны мастаком свет “загадкава-спакуслівым і напаўрэальным, поўным гумару, настальгіі, хітраватай прастадушнасці і пяшчотнага смутку”.

Мастак кажа: “Калі гляджу кіно, то не ўсё запар, выбіраю пэўны раздзел – андэграунд, напрыклад. Не прэтэндую, што працую для абранай публікі, але шырпатрэбам, што ўсім падабаецца, як які-небудзь прас, не хацелася быць у сваёй творчасці”.

Яго лёс шмат гадоў звязаны з беларускай кніжнай графікай. Як мастак і мастацкі рэдактар мае 35 дыпломаў конкурсу “Мастацтва кнігі” (у тым ліку ўсесаюзных): за альбомы “Пад шчаслівай зоркай” (Мінск: “Беларусь”, 1982, з прадмовай І. Шамякіна); “Пакланіся прыродзе” (Мінск: “Беларусь”, 1984); “Мінск: учора і сёння” (Мінск: “Беларусь”, 1989) і інш.

“Коней я дасюль малюю на памяць”

“Я кнігачэй з самага дзяцінства. Да школы ўжо мог чытаць. Кніга прайшла праз усё маё дзяцінства і юнацтва. Куды б ні трапіў, перш за ўсё запісваўся ў бібліятэку. Дома ўсе клаліся спаць, а я кідаў нешта на падлогу ў калідоры аднапакаёўкі, дзе святло не перашкаджала спаць астатнім, і чытаў: казкі, кнігі пра смелых і ўмелых, усе творы Фенімора Купера, Майн Рыда. Нават пазней на бульбе, калі разгадвалі красворды, адзіны ведаў, што рака ў паўночнай Амерыцы – Патамак. (“Валька, ты нездарма чытаў Фенімора Купера!”) Інтэлект можа быць ці адсутнічаць, а эрудыцыя ці дабаўляецца, ці застаецца на набытым узроўні”.

Калі бацькі прывялі яго ў студыю выяўленчага мастацтва Дома піянераў, у хлопчыка было саліднае “партфоліа” – копіі ілюстрацый старажытнай кнігі пра вайну з Напалеонам. Дзядуля з матчынага боку быў урач царскай арміі, ад яго засталося ў спадчыну шмат кніг – медыцынскіх і мастацкіх. У тым ліку выданне пра вайну 1812 года з масай шыкоўных гравюр.

“Коней я дасюль малюю на памяць – у той вайне героі былі коннымі. Так з сямі гадоў і працягваю. У садку маляваў дыванкі: буйная кветка – у цэнтры, дробныя – сіметрычна па баках; а дома – з кніжкі. Гэты занятак не толькі фарміраваў мяне як мастака, ілюстрацыі дапамагалі вывучаць гісторыю. З дзяцінства запомніў прозвішчы мастакоў, творчасць якіх падабалася: Шмарынаў, Вярэйскі, Гараеў. (Нават у часопісе “Крокодил” адрозніваў почырк мастакоў).

Пазней чытаў класіку – Талстога, Купрына, Буніна, спатыкнуўся на Дастаеўскім. Лісты Чэхава мяне супакоілі. У адным з іх Антон Паўлавіч піша, што ён Дастаеўскага таксама адклаў. Канечне, Набокаў і Дастаеўскі – зусім розная мова. Адна – нібыта павольна плывеш на лодцы, а другая – пешшу па шпалах трэба прайсці.

Пасля Дома піянераў была студыя выяўленчага мастацтва Палаца культуры. Тата лічыў, што трэба мець і сур’ёзную прафесію – рабочую. Таму прывёў мяне ў райана і папрасіў параіць, куды ўладкаваць. Там мяне спыталі, да чаго я больш схільны – працаваць з металам, дрэвам ці хачу быць аконным майстрам… А я больш любіў маляваць. Параілі мастацкае вучылішча. Суцешылі бацьку: не атрымаецца – дамо напраўленне ў будаўнічы тэхнікум.

Дакладна ведаю, з любой галіны дзейнасці я бы вярнуўся да малюнка. Паступіў у Горкаўскае мастацкае вучылішча. На грошы, што давалі на прысмакі, купляў наборы паштовак – рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў. Яны пахлі фарбай. Куінджы, Грабар, Паленаў… Мастак існуе асобна, ён свабодны. (Мне гэта вельмі падабалася, бо ўвогуле не люблю залежаць. Апрача кахання – залежнасці, якой можна не супраціўляцца. Гэта паўплывала на выбар далейшага шляху.)

У кіно і ў кніжнай справе такой свабоды няма: мастака можна не заўважыць у тытрах і выходных даных. Так што ВГІК адпаў адразу. Але залежнасці ўсё ж паддаўся – за кампанію паехаў у Маскоўскі паліграфічны, хаця быў упэўнены, што гэта тэхнічная ВНУ. Рабіў нейкія ілюстрацыі на бархатным абрусе круглага стала, плакаты – хлопцы аднекуль даведаліся, што трэба прадставіць прыёмнай камісіі. Самае смешнае, што з усёй кампаніі паступіў толькі я.

Дзякуючы выкладчыкам – асабліва Беніаміну Басаву, які мяне адразу вылучыў (і шмат мне дазваляў, нават іншым выкладчыкам не даваў заўваг рабіць) праз месяцы чатыры я ў гэта ўвайшоў, зразумеў, палюбіў. Быў нібыта губка – успрымальны. Але цікавіла толькі мастацтва малюнка. Тэхналагічны бок не хваляваў. У цэхах, куды нас вадзілі, проста лавіў варон. Але калі ў інтэрнаце ўсе клаліся спаць, маляваў да ранку. Не было праходных работ, абы здаць. На прагляд маіх малюнкаў хадзілі ўсе – і старшакурснікі, і выкладчыкі. Мне хацелася маляваць. Задавалі адну, я рабіў дваццаць пяць.

Ужо на першым курсе працаваў з часопісам “Юность”. І ў тых ілюстрацыях мой сённяшні почырк ужо можна пазнаць.

Ездзілі ў будатрады. Тарцовая сцяна трохпавярховага дома – мазаікі. Яны зроблены па маіх эскізах. Смальты было столькі, што аздаблялі нават транспартныя прыпынкі. Уяўляеце, будуць некалі раскопкі Падмаскоўя, а там нават прыпынкі абкладзены крымскай смальтай! Як у Пампеі. Толькі што тэрм не знойдуць.

З вялікім задавальненнем усё выконваў. Адзінае, пра што шкадую, – больш дбайнасці падчас вучобы. Парады выкладчыкаў, натура, аўдыторыі, бібліятэка – гэтага шкада. Вучыўся з асалодай.

Прапаноўвалі работу ў АПН, ТАСС. Але я марыў пра адно – маляваць. Таму выбраў кніжныя выдавецтвы. Жонка родам з Мінска. Так апынуўся ў Беларусі.

Наканаванне

“Жылі ў Аляхновічах, ездзіў ў выдавецтва на электрычцы. Будавалі кааператыўную кватэру. Не адмаўляўся ад любых заказаў: ілюстраваў і “Чыпаліна”, і фантастыку. Сёння – казкі, заўтра – вершы Леаніда Дранько-Майсюка, паслязаўтра – навукова-папулярнае выданне. Працаваў у выдавецтвах “Беларусь”, “Мастацкая літаратура”, потым у прыватным выдавецтве. Афганскія народныя казкі, рускія. А марыў пра карціны. Ды на гэта час толькі вечарамі, калі ты стаміўся і ўжо неахвота. Ці ў выхадныя, якія таксама запоўнены рознымі іншымі справамі…

І аднойчы зразумеў – усё. Сёння вольны мастак. Але кніга далёка не адпускае – я нязменны член журы конкурсу “Мастацтва кнігі”.

На пытанне, ці зможа адрадзіцца “залаты век” беларускай кніжнай графікі, Валянцін Губараў адказвае: “На яе росквіт у 1970-я гады ўплывалі суб’ектыўныя і аб’ектыўныя фактары. Сярод іх тое, што быў рэзкі прыток кадраў з Маскоўскага і Львоўскага інстытутаў – М. Казлоў, Т. Мельянец, Н. Сустава, А. Ружо, А. Цароў. Чаму там не было выпадковых людзей? Каб былі неразумныя – яны не паступілі б. Ці іх выгналі з другога-трэцяга курса, што бывала, калі не цягнуць. Не запрасілі б на працу, не далі добрыя рэкамендацыі. Гэта ж былі рэкамендацыі выкладчыкаў! (“Ён вам не толькі падцягне, ён іншы ўзровень створыць”.) Цяпер чалавек можа перакваліфікавацца ў мастака з тэхнічнага рэдактара ці сумяшчае гэтыя пасады. Лічыцца: а што, у гэтым трэба нешта разумець? Прыватныя выдавецтвы – там кіраўніцтва без мастацкай адукацыі ведае, як і што павінен мастак рабіць. Пры такіх адносінах…

Грошы шмат уплываюць. Не хапае на добрую паперу – а як ты абыдзеш такі жорсткі параметр? І навошта плаціць гэтаму дызайнеру кнігі, калі іншы – таксама дызайнер – бярэ ўдвая менш?

Мода была на кнігу. Людзі хацелі трымаць на палічках выданні, як трымалі некалі крышталь.

Адраджэнне ў кніжнай графіцы павінна быць не лакальным, не рэгіянальным – паўсюдным: не ў некалькіх добрых выданнях асобных выдавецтваў, а адчувацца на ўсёй прадукцыі, пачынаючы ад вучнёўскіх сшыткаў. Гэта мы назіраем сёння ў суседняй Прыбалтыцы. Спадзяюся, добры прыклад – заразны. І хутка беларускае кнігавыданне чакае новы віток і росквіт”.

Вольга Паўлючэнка

“Літаратура і мастацтва”, № 36(4631) 9 верасня 2011 года, с. 16

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *