Набыткі з “Кніжнай шафы”

 

Прэзентацыя першага зборніка Міхала Бараноўскага “Volumen.1” адбылася ў мінскай “Кніжнай шафе” 20 студзеня 2017 года. Чорна-белае аздабленне выдання, распрацаванае Ксеніяй Шталенковай, выдатна пасавала зімоваму вечару. Аўтар хваляваўся – яшчэ за дзесяць хвілін да пачатку прыхільнікаў беларускай паэзіі ў кнігарні было толькі двое. Але неўзабаве давялося ўносіць дадатковыя пластыкавыя крэслы.

Міхаіл – выдатны суразмоўца. Добрая адукацыя, вопыт работы ў музеі Багдановіча, удзел у фестывалях бардаўскай песні, прыемны голас паспрыялі ўменню трымаць аўдыторыю. Мяккі гумар і іронія, у першую чаргу ў адносінах да сябе, і цёплая ўвага да гасцей імпрэзы стварылі ўтульную атмасферу, і нават не хацелася пакідаць краму, сцены якой былі аздоблены творамі сучаснага мастацтва.

Першы зборнік – заўсёды важная падзея. Аўтар ішоў да яго шмат гадоў, пра што і распавёў чытачам. Як бязлітасна правілі яго творы рэдактары, і што гэта ні ў якім разе не адбіла ў яго жадання несці ім новыя вершы. Прыкра, што сёння сапраўдная літаратурная крытыка адсутнічае, крытыкай можна нажыць ворага на ўсё жыццё, а ўхваляюць адзін аднаго толькі сябры. Чытаюць, насамрэч, таксама. Як зрабіць літаратуру шырокай ракою, а не маленькімі ляснымі крынічкамі? І гэта пытанне гучала неаднаразова.

Міхалу пашанцавала: на настаўніцу, якая выслухала яго ўрывак з “Яўгена Анегіна” не перад усім класам, а на перапынку, зачыніўшы дзверы кабінета, з Міколам Шабовічам, з лёгкай рукі якога ў педагагічным універсітэце сталі на крыло многія паэты.

Паспрыяла з’яўленню кніжкі выдавецтва “Кнігазбор”. “Volumen.1” папоўніў серыю бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў, заснаваную ў 2009 годзе. Для “першых ластавак” – дэбютных зборнікаў маладых паэтаў у ёй у 2012 годзе створана падсерыя “Пункт адліку”. А тыраж 400 асобнікаў – зусім неблагі для дэбюта.

Сам Міхал сціпла падпісваецца “аўтар тэкстаў”. Сумна, што, калі чалавек яшчэ і музычна адораны, і мае выканальніцкі талент, чамусьці вартасць яго як паэта прыніжаецца. З-за такога падыходу наша культура можа недалічыцца многіх імёнаў. Такая ж сітуацыя адбылася і з Аленай Казанцавай, фестываль, прысвечаны якой, існуе ў Польшчы. Калі польскія таварышы паспрабавалі знайсці спявачку праз Міністэрства культуры Беларусі, аказалася, што ў гэтай ўстанове пра яе не ведаюць. Сітуацыю выпраўляў муж спявачкі, выдаўшы серыю зборнікаў, да кожнага з якіх прыкладаўся дыск з песнямі. Кніжкі былі падораны чыноўнікам ад культуры і разлятаюцца ў якасці прызоў на шматлікіх конкурсах для аматараў і выканаўцаў бардаўскай песні.

Але, мяркую, Міхал знайшоў сваю аўдыторыю, і яго творчасць зойме сваю нішу ў сучаснай беларускай паэзіі.

Вольга Паўлючэнка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *