Цёплае святло беларускіх «Ліхтарыкаў»

 

У кастрычніку ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. Пушкіна прайшло мерапрыемства «Ва ўтульнасці пяшчотных ліхтароў». Георгій Ліхтаровіч, найбольш вядомы беларусам як фотамастак, прэзентаваў новы зборнік вершаў «Ліхтарыкі», аздоблены С. Стэльмашонкам. (Першыя «Ліхтарыкі» ўбачылі свет у 2005 годзе, новая кніга – другое выданне, дапоўненае, але пры нашых «вялізных» накладах выдаўцы такую падрабязнасць пакідаюць па-за ўвагай. Так адбылося і з маёй кніжкаю «Малюнак пад кніжнай вокладкай», якой у 2016-м было ажно 50 экземпляраў. Затое сёлета – 200!)

Дапамагалі яму сябры – вядомыя барды Галіна, Барыс, Кацярына Вайханскія і Андрэй Плясанаў. Ініцыятарам правядзення імпрэзы выступіла Ірына Жыхар, а мэты былі высакародныя – грошы, сабраныя за кніжкі (увогуле на рахунку спадара Георгія выданняў шмат – і вершаў, і фотаальбомаў), пойдуць фонд створанага ёю цэнтра падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця».

Мерапрыемства падарыла шмат прыемных сюрпрызаў. Вельмі сціплы чалавек, Георгій Леанардавіч не перастае здзіўляць знаёмых: карыстальнікі Фэйсбуку ўжо ацанілі яго серыю «Вокны», што раскрывае хараство звычайнага на першы погляд беларускага краявіду.

(Сваё ўражанне прыгажосцю ён адлюстраваў і ў паэтычных радках:

Я вочы ледзь не спапяліў,

Калі на лес зірнуў спрасонак,

Дзе золак золата разліў

Якраз па золаце сасонак.

І нельга не падзяліць яго замілаванне, калі:

Аціхае доўгая завея,

Раніца выходзіць з небыцця…

Перад чыстым аркушам жыцця

Грэшная душа ніякавее.)

Падчас імпрэзы пазнаёміцца з серыяй фотаздымкаў «Вокны» змаглі і прысутныя.

Нечакана было ўбачыць вядомага фотамастака Андрэя Плясанава ў якасці спевака, які акампанаваў сабе на гітары і губным гармоніку.

І нават тых, хто даўно ведае Барыса і Галіну Вайханскіх, уразіла шматграннасць іх супрацоўніцтва са спадаром Георгіям. У яго філіграннай агранцы на беларускай мове любімыя і вядомыя хіты славутага дуэта, як, напрыклад, «Край жураўліны», набылі новае гучанне, а песні персанажаў з казкі пра Дзюймовачку – абвостраны сацыяльны акцэнт.

Ацаніць мастацтва Георгія Леанардавіча як перакладчыка гледачы маглі і ў выкананым Кацярынай Вайханскай творы – калі параўноўвалі арыгінальны тэкст песні на французскай мове і беларускі варыянт. Яго аўтарству належаць і пераклады з нямецкай: Барыс Вайханскі далучыў спадара Ліхтаровіча да свайго праекта – стварэння песень на вершы Эльзы Ласкер-Шулер, фонд якой знаходзіцца ў германскім Вупертале.

Кантакты творчых людзей мелі вялікі плён: у рэпертуары Вайханскіх стала прапісаліся песні на вершы беларускіх паэтаў, з’явіліся нават творы Высоцкага на беларускай мове. Спадар Георгій падкрэсліў «фантастычнае багацце беларускай мовы для вершаскладання» – і доказам былі яго радкі, дзе словам цесна, а думкам прасторна.

Магчыма, свой лёс нездарма мы шукаем,

Блукаючы думкамі за небакраем,

Бо Творца, напэўна, схаваў нашу мэту

На донцы бясконцай бяздоннасці свету.

Ці вось такі прыклад:

Паверыў крыніцам пісьмовым,

Што ўсё пачынаецца Словам,

Бо нават нясмелым гучаннем

Спрачаецца Слова з Маўчаннем!

Народжаны ў 1947-м, спадар Георгій пра сябе кажа, што ён – «чалавек пасляваеннай выпечкі». З уласцівай яму далікатнасцю і мяккасцю распавёў, як рабіў вокладку да першага вінілавага дыска Вайханскіх, потым да другога, як напісаўся першы верш, з’яўленнем якога «быў здзіўлены». Доўгі час лічыў прыход «нясмелых радкоў» хваробай, але аднойчы насмеліўся і паказаў свае вершы Рыгору Барадуліну. Менавіта яго спадар Георгій называе «хросным бацькам у паэзіі» і «геніем, які жыў паміж нас». («Ліхтарыкі» пачынаюцца з верша Рыгора Іванавіча, прысвечанага Г. Ліхтаровічу.)

На старонках гэтай невялічкай – усяго паўтары сотні старонак – кніжкі цэлы сусвет: і кранальная лірыка, і гнеўныя радкі, калі з’явы сённяшняга дня выклікаюць абурэнне. Але кожны радок прасякнуты любоўю да зямлі, на якой жыве паэт:

З чужога неба не чакаю манны я,

Зямлі-матулі сінявокай сын,

Я тут вітаю досвіткі туманныя

І п’ю нагбом крынічнасць ручаін.

Вольга Паўлючэнка, фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *