Калючы дрот з сэрца Беларусі

 

 

На заняткі па гісторыі Беларусі ў гэтыя дні школьнікаў трэба было весці ў Дзяржаўны літаратурны музеі Янкі Купалы, гасцінная прастора якога адчынілася для выстаўкі “Мяжа была пад Мінскам. 1921–1941”. Урачыстае адкрыццё праекта беларускага гісторыка Ігара Мельнікава адбылося менавіта ў гадавіну аб’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі і прысвечана не толькі гэтай даце, але і 80-й гадавіне пачатку Другой сусветнай вайны.

Менавіта тут можна яскрава ўявіць, як насамрэч жыло памежжа падзеленай паміж Польшчай і СССР Беларусі, даведацца, якімі пячаткамі адзначаліся дазволы на находжанне ў гэтай зоне, прачытаць, пра што пісалі газеты кожнай заставы, як складаліся пратаколы затрымання кантрабандыстаў, убачыць унікальны часопістаго часу з публікацыяй пра Польшчу з фотаздымкам той самай брамы на мяжы, макет якой месціцца побач, і карту, на якой Беларусь у межах да 17 верасня 1939 года.

 

Сотні ўнікальных экспанатаў, сабраных руплівым даследчыкам, прыцягнуць увагу і навукоўцаў (бо такой багатай калекцыі няма нават ў фондах дзяржаўных музеяў), і тых, хто цікавіцца гістарычнай рэканструкцыяй: вопратку і побытавыя дробязі можна разгледзець вельмі падрабязна. Спадар Ігар, які сам правёў экскурсію, не мог не аддзячыць супрацоўнікаў Купалавага дома за ўдалае размяшчэнне шматлікай колькасці артэфактаў, фотаздымкаў і дакументальных матэрыялаў мінулай эпохі, але і пашкадаваў, што ўся калекцыя тут нават не змясцілася. Цяжка ўявіць шматгадовую працу па яе зборы. Зразмела, пасля таго, як адбылося “вызваленне Заходняй Беларусі ад панскага прыгнёту”, шмат прыкмет таго часу было знішчана, не паспрыяла захаванню і Другая сусветная. Дарэмнымі аказаліся спадзяванні, што старая мяжа затрымае фашысцкае наступленне: яна была разлічана на моц польскага войска, але ніяк не на ўзбраенне нямецкае… Па-заўвагай даследчыка не застаўся нават калючы дрот, якога так шмат было па абодва бакі мяжы. “Пры наступленні немцы скруцілі яго і паклалі ў адным месцы, і гэты скрутак дачакаўся мяне”, – жартуе калекцыянер. Спадар Ігар як сапраўдны патрыёт заклікае падрабязна вывучаць гэтыя старонкі гісторыі, бо менавіта ад іх вядзе адлік існаванне адзіная Беларусь. А тое, што гэта жывыя старонкі, засведчыла і адна з наведвальніц выстаўкі, якая паказала ўсім прысутным фота свайго дзеда-памежніка, яго жонкі і сына, народжанага ў 1935, – бацькі жанчыны. І не выключана, што гэтыя фотаздымкі мы ўбачым на старонках наступнага выдання кнігі І. Мельнікава “Мяжа была пад Мінскам. 1921–1941”. Дарэчы, прэзентацыя выдання 2017 года запланавана ў праграме выстаўкі.

Парадавала і прысутнасць на мерапрыемстве прадстаўнікоў турфірм. Месца, дзе праходзіла некалі мяжа, заслугоўвае стаць турыстычным аб’ектам.

Працягвалася выстаўка да 12 кастрычніка.

Вольга Паўлючэнка,

фота аўтара

На здымках: Ігар Мельнікаў з сябрам, апранутым у форму польскага памежніка, юныя журналісткі Дар’я Парамонава і Юлія Харланава; урачыстае адкрыццё

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *