Сусвет у сэрцы паэтавым

У культурнай прасторы Мінска яшчэ не раз у адным радку будуць узгадваць імёны класікаў літаратуры – Купалы, Коласа і Туманяна – дзякуючы ўнікальнай па сённяшнім часе падзеі. Улетку ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы каштоўны падарунак (не электронную копію, а менавіта арыгінал) – паштоўку Якуба Коласа да Сяргея Гарадзецкага – атрымалі ад ерэванскіх калег беларускія музейшчыкі.

Для супрацоўнікаў музея Коласа і яго родных гэта была прыемная нечаканасць – здавалася, у фондах сабрана ўжо ўсё, што датычыцца беларускага паэта, – і раптам у архівах дачкі народнага паэта Арменіі Нвард Туманян знайшлася паштоўка мінулага стагоддзя.

 

Галоўны захавальнік фондаў ерэванскага Музея Аванэса Туманяна Марына Багдасаран уручыла паштоўку намесніку дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Анастасіі Трафімчык падчас адкрыцця выстаўкі “Маем гонар прадставіць – Аванэс Туманян”, прымеркаванай да 150-годдзя з дня нараджэння класіка, што шырока адзначаецца сёлета пад эгідай ЮНЕСКА.

Пра жыццё і творчасць славутага земляка распавяла не толькі спадарыня Марына – правяла незабыўную экскурсію па экспазіцыі Тамара Арамян, захавальнік працоўнай бібліятэкі паэта.

Не мог не ўразіць наведвальнікаў мерапрыемства і той факт, што сэрца Аванэса Туманяна, як і сэрцы Шапэна, Уладзіміра Лугаўскога, Персі Бішы Шэлі, лорда Байрана, пахавана асобна. Пакланіцца яму можна на радзіме паэта, у сяле Дсех.

Якую безліч перажыванняў можа ўмясціць чалавечае сэрца! Класік нямецкай літаратуры Генрых Гейне сцвярджаў: “Калі раскалоўся свет, шчыліна ідзе праз сэрца паэта”. І гэта цалкам справядліва ў дачыненні да Аванэса Туманяна, тройчы тытулаванага народам – Паэт усіх армян, Тамада ўсіх армян і Бацька ўсіх армянскіх сірот. Цяжкія гады выпрабаванняў, што выпалі на долю армянскага народа, ён не толькі вытрымаў з вялікай мужнасцю – без яго дапамогі проста не выжылі б шматлікія ахвяры генацыду 1915 года. (Застаецца толькі здагадвацца, як хапала ў яго маральных і фізічных рэсурсаў, бо адзін з яго паплечнікаў вымушаны быў вярнуцца дадому з адной з паездак у Эчміядзін, куды збіраліся цудам ацалелыя пасля разні, каб не звар’яцець ад чутага і ўбачанага).

 

Аванэс Туманян быў голасам народа, высакародным чалавекам і шчырым сябрам. Такім быў і класік беларускай літаратуры Янка Купала, і паралеляў выступоўцамі праводзілася шмат. Невыпадкова выставачны праект апынуўся ў Купалавым доме, рэалізаваны ў рамках Дамовы аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам культуры Беларусі і Міністэрствам культуры Арменіі, а таксама пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь. У мінчан і гасцей сталіцы на працягу жніўня была выдатная магчымасць пазнаёміцца з асобай і творчасцю пісьменніка і публіцыста, выдатнага грамадска-палітычнага дзеяча, патрыёта радзімы і грамадзяніна свету, у арыгінале і ў выдатных перакладах на беларускую мову Навума Гальпяровіча.

Парадавала, што пры ўрачыстасці прысутнічалі і супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Цёплыя словы Якуба Коласа сябру – паэту і перакладчыку Сяргею Гарадзецкаму, да якога завітаў выпадкова, таму і не заспеў дома, яшчэ адзін колер у палітру нашай памяці і сведчанне – сэрца паэта ўмяшчае цэлы сусвет.

Вольга Паўлючэнка,

фота аўтара

На здымках: галоўны захавальнік фондаў ерэванскага Музея Аванэса Туманяна Марына Багдасаран ўручае паштоўку Якуба Коласа намесніку дырэктара музея Якуба Коласа Анастасіі Трафімчык;

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Арменія Армен Гевандзян;

пераклады з армянскай чытае Навум Гальпяровіч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *