Дакрануўшыся да “Стужкі часу”

У Галерэі Міхаіла Савіцкага пачала працаваць выстаўка твораў скульптара Юрыя Анушкі.

Успамін

Па-рознаму завязваецца вузельчык на памяць пра людзей, што прыходзяць у тваё жыццё. З Юрыем Анушкам так здарылася: я тады працавала рэдактарам аддзела культуры ў газеце “Сям’я” і прыхапіла, верагодна, у Грамадскім прэс-цэнтры разам з іншымі прэс-рэлізамі здымкі яго каменнай “Евы” і некалькі слоў пра яго. “Геніяльны скульптар, пошукі формы…” Старанна працытавала ў нататцы – і атрымала добры наганяй ад галоўнай рэдактаркі: “Што вы сабе дазваляеце! Называць геніяльным маладога чалавека! Няхай яшчэ сябе пакажа!”

А ён і паказаў. Трыццаць гадоў творчасці, 70 работ у Галерэі Міхаіла Савіцкага. Шмат якія глядач убачыў упершыню. Іранічныя (“Шлюбны кантракт”, “Свята”, “Вялікае каханне”) і трагічныя (“Неадпраўлены ліст”, “Касінерам”), зразумелыя адразу і тыя, якія патрабуюць доўгага асэнсавання – што ж менавті меў на ўвазе. Напрыклад, “Няміга”. Ці тая, старажытная, са “Слова аб палку Ігаравым”, ці тая, што стала пасткай для мінчан у пракляты дажджлівы дзень 30 мая 1999 года. Ці дзіды гэта, ці закрытыя турнікеты – спрачаюцца гледачы.

Супадзенні

Дарэчы, менавіта тут, дзе сёння выставачная прастора, быў ваенкамат, пра што доўга жартавалі і скульптар Юры Анушка, і яго сябар музыкант і пісьменнік Аляксандр Сапега, той самы слынны ўдарнік “Яблочного чая”, яны знаёмыя яшчэ са школы. Адсюль ехалі ў войска. Аляксандр адразу сказаў, што мастак – толькі каб трапіць у клуб, дзе, вядома, репэтыравалі музыканты, падышоў да іх. “Гэта ты з кансерваторыі?” Не ўдаваўся ў падрабязнасці пра вучэбную ўстанову, кіўнуў. “Пакажы, на што здольны!” – загадалі хлопцу, што сядзеў за барабанам, аддаць палачкі. І больш бядак тыя палачкі не бачыў, бо тое, што прадэманстраваў будучы вядомы джазіст, яму не снілася. А Юрыю ў войску не давялося зрабіцца “штатным” мастаком – кажа, “быў сапраўдным танкістам”. Але ж дзембельскія альбомы аздабляць выпадала. “І ўяўляеце, – узгадвае, – аднойчы ў кампаніі адзін мужчына хваліцца такім альбомам, а я пазнаю свой малюнак, некім старанна скапіраваны. Вось такая папулярнасць на ўвесь былы Савецкі Саюз”.

Сямейная гісторыя

А побач жонка – і на ўрачыстым адкрыцці імпрэзы “Стужка часу”, і ў жыцці (жартуюць: “Жили старик со старухой тридцать лет и три года”). На маё пытанне, як гэта – побач з творчай асобай, адказвае: “Ішла не за скульптара, а за чалавека. Вось быў бы ён, напрыклад, урачом, таксама былі і дзяжурствы, і непрадказальныя затрымкі, хіба гэта перашкода?” А муж раіцца з ёю наконт будучых твораў і вельмі ўдумліва ставіцца да яе заўваг, хаця жонка ўсё жыццё працуе настаўніцай малодшых класаў. (Я заўсёды кажу пра настаўнікаў – люді, што на першым рубяжы абароны. Ад іх шмат у чым залежыць якасць будучых пакаленняў.) Непадалёк і сын – малады архітэктар, прафесію якому выбрала маці. Калі вучыўся ў дзявятым, перагартала ўвесь даведнік для тых, хто збіраецца паступаць, і вырашыла, што варты ўвагі толькі будаўніча-архітэктурны. Адно “но” – хлопчык не ўмее маляваць. На двары студзень. А тата кажа: “Я яго навучу”. Вы таксама не схаваеце эмоцый, калі даведаецеся, што юнак паступіў “на бюджэт”? Асабліва тыя, у каго падлеткі такога ўзросту. Але ж, паступіў і выпусціўся, і, спадзяюся, яшчэ сустрэну і яго прозвішча ў шматтыражных выданнях.

Сугучча

Эх, гэты вірус пазбавіў нас столькіх запланаваных імпрэз і сустрэч! Тым больш прагна раглядаеш кожную работу і захапляешся прадуманным кантэкстам: перапоўненым сустрэчамі і мітуснёй “Днём” на залітай сонцам сцяне, “гараскопам” на той, што ў ценю, выйгрышна глядзяцца “Свята”, “Вясна”, “Змоўшчыкі” на барвовым фоне. Супрацоўнікі Галерэі Міхаіла Савіцкага вельмі добра ведаюць сакрэты сваёй прасторы, энергетыка выставак неверагодна моцная.

Адчуваю сугучча думак у паветры, якім дыхаем, параўноўваючы адносна нядаўна набыты мною зборнічак вершаў Вадзіма Мязецкага “Катаем квадратное” і “Кругасветнае падарожжа” Юрыя Анушкі.

Адну з кампазіцый для сябе ахрысціла “Шлях пазбаўлення ад праблемы”: як яе, атрымаўшы ў голаву, трэба апусціць да пяты і пакінуць дзе-небудзь на лясной сцежцы. Згодна, што па сутнасці “Вялікае каханне” – сляпая жывёльная жарсць (скульптуру, вы ж ведаеце, трэба глядзець з усіх бакоў).

“Прагулка па Рацэ”, дзе човен нясуць на галовах… “Танец” – два хрыбта, што ўтвараюць падабенства ДНК. “Касінерам”, пра якіх мне таксама цяпер будзе нагадваць тонкі сярпок Месяца.

Скульптурны “здымак” нашага часу з яго героямі – а хіба “Брат” не нагадвае антычныя мадэлі? “Пераможца” – проста фізічна адчуваеш, як супраціўляўся матэрыял.

І ўзгадваеш радок з песні Марка Мермана: “Куда вы, побеждённые? На все четыре стороны. Куда вы, победители? А нет для вас сторон”, калі глядзіш на “Паядынак”.

Разважаеш пра сакрэт поспеху (калі заўсёды “Спадарожны вецер”) – гэта шмат аднадумцаў, што скіраваны ў адным з табою напрамку. А мэта – перакласці гучанне гэтага свету на мову скульптуры.

Вольга Паўлючэнка, фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *