“…кожны твой крок – Паэзія”

Калі ўбачыла прозвішча Вольгі Нікіценкі ў спісе лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў намінацыі “Дэбют”, адчула вялікае задавальненне: з першай сустрэчы з сямнаццацігадовай паэтэсай на Міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў лютым гэтага года прыцягнулі яе радкі. Як чалавек асцярожны, папрасіла кніжку, бо рэдактарскае вока не прапусціць хібы, калі ёсць толькі радок на паперы і няма побач абаяльнай маладосці выканаўцы. Кніга аказалася вартай, дзякуй Богу, заўважылі гэта і тыя, хто вырашаў лёс намінантаў.

Вольга адразу заявіла аб сабе не толькі як аўтар, што падае вялікія надзеі, але і як упэўнены майстар. Тым, што не стала ўключаць у выданне ўсе спробы пяра, а мяркую, іх было шмат, вызначылася, што ў “Сузор’і птушкі” чытач пазнаёміцца толькі з беларускімі яе творамі, хаця піша аўтар на дзвюх мовах, і закранула самае галоўнае, на што не можа не адгукнуцца чытач.

У чарговы раз пераконваюся, што душа паэта не мае ўзросту. Вершы Вольгі вабяць глыбінёй раскрыцця пачуццяў, навізной вобразаў, захаваным цудам захаплення светам. У яе радках “Сонечны вершнік сядлае блакіт з налёту” (“Летняе”), “Ранак ласкава глядзіць на расклады сесій, / І да іспытаў пасуе сукенка лета” (“Чэрвеньскі экзамен”).

Уваходжу ў твой край, восень, як ідуць здавацца ў палон,

на размытых дарогах згубіўшы сляды веры.

Я – ціхмяная лодка. І штоб у снах ні было,

я, прыгнаная сіверам, б’юся ў халодны бераг.

(“Восень”)

Тая, чыё сэрца “мае колер світання (“Світальнае”), прызнаецца, што аднойчы “стварыла свет, / Дзе мне было адной / Незвычайна весела” (“Свет”). На яго прасторах яна разумее сказанае “На мове лістоты” і музыку, што выконваюць “Начныя залевы”. І багацці, знойдзеныя ў вандроўках душы, робяцца радкамі, якія паэтэса шчыра вяртае Сусвету.

Чытай

Верш.

Ліхтарным слупам,

Вуліцы

З прахалодай ад сцен будынкаў,

Начному асфальту…

(“Чытай верш”) 

Бо добра разумее ўласнае наканаванне:

Кожная горыч – маленькае двухрадкоўе,

Сіняя хмарка на вейцы тваёй

Паэмы. 

(“Чытай верш”)

Вабяць не толькі краявіды яе чароўнай краіны, але і гарадскія замалёўкі, напрыклад, калі лірычная гераіня кідае позірк з балкона “На сёмым паверсе роднага дома”:

На трэцім паверсе ізноў уключылі джаз,

І з ліпенем ён па паветры цячэ сам-насам.

… Пад вокнамі два каты

Уверх пазіраюць задумліва і карцінна.

І калі яна размаўляе з чытачом адтуль, дзе “…быў пакой маленькаю слязой / Сярод кватэр / На тысячным паверсе” (“Папяровае”), ці ў дарозе:

Я ў Пецярбург паеду і ў Чарнаўцы –

два гарады, дзе мяне, як вясну, чакалі.

(“Успаміны пра лістапад”)

Прабілася нямоўцнае святло

Скрозь іней у аўтобус, бы праз краты.

Уздрыгнуў цень, і кожны кут быў рады,

Што мора барвы затапіла шкло.

(“Першая сустрэча”)

Яе свет не застрахаваны ад гора. І калі сэрца пакутуе, боль страты выліваецца ў вершы: “Я адчула, што нехта памёр, / толькі мне не гавораць пра гэта”. Па прабабулі і дзядулі паэтэса звівае вянок “з цяжкім водарам горкай расліны”. (“Прабабулі прысвячаецца”) Менавіта тады дзяўчынка чуе спевы івалгі, назву гэтай птушкі і бярэ сабе за псеўданім, калі выходзіць на “Вуліцу Будучых літаратараў”. Там

Чалавек блукае між рэчаў,

месяцовых палос,

ценяў, плямаў

і яшчэ не пачутых гукаў,

што так вярэдзяць душу…

Чуллівая душа адчувае і небяспеку, калі ёсць спакуса здрадзіць уласнай унутранай “настройцы”. Гэтаму прысвечаны верш “З інтэрната, натхнёнае Інтэрнэтам”:

…проста дзяўчына, якая са мной жыве,

Мне расказала, як крута не спаць да дванаццаці.

Я, натуральна, ведаю: я жаўрук,

Ноччу сядзець ніколі не будзе весела,

Толькі мне стала сумна калісь, таму

Паспрабавала, ну, а далей панеслася…

Толькі ўначы ўсе думкі імчацца ў гонцы,

Голас у вершаў робіцца простым, звыклым.

…Хопіць чытаць у Сетцы сучасных творцаў:

Страчу сябе, а потым лічы, што знікла.

Але і ў час, калі падаецца, што губляецца адчуванне навізны, прытупляюцца адчуванні, “Дзьмухаўцоў карункавы палетак / Вусны не прымусіць усміхнуцца” (“Мне здаецца, нешта я губляю…”), застаецца малітва: “Выратуй, Паэзія святая!”. Няхай жа спраўдзіцца.

Вольга Паўлючэнка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *