Выпрабаванні і легенды слыннага фотаклуба

Як журналіст сведчу, артыкул куды лягчэй уладкаваць на старонкі любой газеты, калі да яго далучаны фотаздымак. А паколькі ўласнага фотакарэспандэнта маеш з сабою не заўсёды, перш-наперш глядзіш, хто з аматараў злавіць кадр апынуўся з табой на мерапрыемстве, якое трапіла ў спіс тваіх прафесійных інтарэсаў. Дзякуй вялікі ўсім, чые фота ўпрыгожылі мае артыкулы. Слынныя імёны, дарэчы. Як жа прыемна было даведацца, што многія звязаны з фотаклубам “Мінск”.

Аб’яднанне ў верасні 2020 г. адзначыла юбілей – 60 гадоў са дня заснавання. Менавіта тады газета “Знамя юности” апублікавала аб’яву, што ў сталіцы з’явіўся клуб фота-кінааматараў. Шмат у чым гэта аатрымалася  дзякуючы Васілю Купрэвічу, таму самаму вядомаму акадэміку, якому прысвечана кніжка “Урокі Купрэвіча”. Васіль Феафілавіч парупіўся, каб памяшканне ў сутарэнні на вул. Казлова, 2, што належала раней Мінскаму абласному савету прафсаюзаў, стала месцам збору аднадумцаў “спынення прыўкраснага імгнення”. А іх сабралося нямала! “У тыя часы бясплатныя гурткі для дзяцей і моладзі былі пры кожным домакіраўніцтве, – прыгадваў кіраўнік фотаклуба Уладзімір Паўлаў. – Я займаўся з пятага класа і фатаграфіяй, і спортам, і народнымі танцамі, увесь тыдзень быў распісаны”. (Спадара Уладзіміра прынялі ў члены клуба ў 2000-м.) Ён называе добра знаёмыя прозвішчы і пералічвае значныя падзеі з жыцця аб’яднання.

Фотаздымкі Яўгена Казюлі сталі старонкамі альбома “Хатынь”, што ўбачыў свет ў 1969-м і перавыдаваўся шесць разоў (агульны тыраж – 1 мільён 200 экзэмпляраў). Многія сюжэты сваіх фота ён пасля пазнаваў на плакатах розных мастакоў, але толькі усміхаўся. Яўген Карпавіч прыйшоў у клуб у 1965 годзе, а ўжо ў 1970 г. стаў старшынёй праўлення . У 1971-м разам з жонкаю на матаролеры праехаў праз усю Прыбалтыку ў Ленiнград, зазіраючы ў кожны фотаклуб і расказваючы пра сваю задумку – правесці выстаўку “Фотаграфіка”, экспанаты якой павінны спалучаць і фотамайстэрства, і мову сапраўднага мастацтва. Ён атрымаў поштай 753 работы, з якіх на выстаўцы 1971 года ў зале Гандлёва-прамысловай палаты мінскія гледачы ўбачылі 178. Рэзананс быў такі, што мерапрыемства Мінскі абласны савет прафсаюзаў вырашыў праводзіць раз на два гады. У 1973-м упершыню ў гісторыі беларускага фотааматарскага мастацтва больш 200 здымкаў “Фотаграфікі” занялі прастору Палаца мастацтваў, слынны часопіс “Юность” устанавіў для ўдзельнікаў спецыяльны прыз. Яго атрымала ў 1989 Маргарыта Трэніна – за свае здымкі, якія сталі вокладкамі гэтага ўсесаюзнага выдання.

Але за залатымі часамі, калі на кожную выстаўку членаў клуба, што ладзіліся на яго базе пастаянна, прыходзілі да 300 наведвальнікаў, з 1990-га пачаўся спад. З 2001 па 2009 год не праводзілася заняткаў для аматараў… (Мой суразмоўца Уладзімір Паўлаў на такія заняткі хадзіў у 1999 годзе, выкладалі Альберт Цэхановіч і Віктар Жураўкоў, які ведаў і жывапіс, і хімію. “Перш чым прапанаваць фота ўвазе гледачоў, трэба даць яму павісець дома тыдзень: калі не надакучыць, не пакіне абыякавым, можна і людзям паказваць”.)

Я. Казюлю пасля вельмi аб’ёмнай “Фотаграфікі-78” на пасадзе змянялі Віктар Бутра з Аркадзем Бірылкам, потым клуб узначальваў Ю. Васільеў. У 1979 годзе клуб атрымаў ганаровае званне “народны”! Кіравалі клубам А. Цэхановіч (1999), А. Чанцоў(2002), В. Раковiч (2013). Яўген Карпавіч вярнуўся да абавязкаў старшыні пасля працы ў БелТА, “Голасе Радзiмы” і выконваў іх да 2014 года.

Фотаклуб паспяхова сустрэў тэхнічную рэвалюцю – з’яўленне новых магчымасцей. Аматарамі “лічбы” сталі майстры фотастужкі Анатоль Дрыбас, Аляксандр Валадзько, Віктар Жураўкоў, Віктар Суглоб, Віктар Паршын, Уладзімір Шарнiкaў. Аркадзь Арыстархавіч далучаў да гэтага мастацтва ў Інстытуце парламентарызму ў “Фотастудыі ў Бірылкі”. Папаўняліся шэрагі членаў клуба з тых, хто прыходзіў і на заняткі на Казлова, 2. Дарэчы, былі яны заўсёды бясплатныя, мелі дэвізам – глядзі і вучыся, праз пэўны тэрмін належала зрабіць выстаўку, якую падрабязна абмяркоўвалі, – і калі водгукі былі станоўчыя, прымалі. (Членскія ўнёскі плацяць раз на год, ідуць яны ў асноўным на чай з пячэннем, калі збіраюцца разам, ды на афармленне прац да выставак.)

Сёння фотаклуб “Мінск” – народны самадзейны калектыў імя Я. Казюлi пры ДУ “Мінскканцэрт”, на балансе якога знаходзіцца памяшканне. Мараць пра новае, бо даўно цесна ў старым: клуб налічвае каля 60 членаў і безліч прыхільнікаў. Юбілей сустрэлі годна: падрыхтавалі дзве выстаўкі на тэму “Пра фатаграфію, фатаграфіку і фатографаў” праекта “Дарогай Майстра”, якія ацанілі жыхары і госці сталіцы ў галерэі “Універсітэт культуры” і Музеі гісторыі Мінска. І працягваюць ствараць фотахроніку эпохі, фіксуючы хуткаплынныя моманты жыцця беларускай сталіцы і ўсяго навакольнага свету. Прыемна, што ў калейдаскопе твараў іншым часам знаходзіш сябе – з дыктафонам, у дыялогу з мастацтвам.

Вольга Паўлючэнка,

фота У. Паўлава

Добавить комментарий