
Настасся Русак працуе ў 11-й публічнай бібліятэцы г. Мінска параўнальна нядаўна, але на яе рахунку ўжо шмат цікавых праектаў: “Дамы і эпохі”, дзе калекцыйныя лялькі ўвасаблялі гераінь культавых твораў, якімі зачытваецца не адно пакаленне жанчын, квесты для юных чытачоў, пастаянна дзейнічае “Час беларускай мовы”. У 2021 годзе бібліятэка працягне прапанаваную Настассей праграму “Паліглот”. Год таму маладая бібліятэкар стварыла бясплатную групу для заняткаў англійскай мовай, а сёлета такіх груп ужо некалькі.
– Як з’явілася ідэя весці такія заняткі?
– Выпадкова. Калі лёс прывёў у такую ўстанову, як бібліятэка, разважала, што магу зрабіць, каб людзям сюды захацелася прыходзіць. Сучасная бібліятэка не павінна асацыіравацца ў чытача з пунктам здачы-выдачы кніжак, яна ў першую чаргу культурна-адукацыйны цэнтр, дзе бавяць вольны час.
Большасць нашых чытачоў – школьнікі, іх дзядулі і бабулі. У адных ёсць неабходнасць у дадатковых занятках, у другіх – жаданне вывучыць тое, на што за працоўнае жыццё не хапіла часу. І далёка не кожны можа выдаткаваць грошы на наведванне рэпетытараў і курсаў. Да таго ж, кажуць, для захавання інтэлекту вывучэнне замежных моў вельмі карыснае.
– Па адукацыі вы…
– Маю дыпломы БДУ і Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (перакладчык-рэферэнт). Валодаю англійскай, нямецкай, французскай на базавым узроўні. А яшчэ вывучала іўрыт пры Пасольстве Ізраіля, веды на ўзроўні А1. Валоданне замежнымі мовамі – справа ўсяго жыцця. Каб не згубіць веды і ўдасканальваць іх, трэба шмат чытаць, карыстацца мовай, неабходна пастаянная практыка. А што можа быць лепш за выкладанне?! І я прапанавала зрабіць бібліятэку базай для таго, каб дзяліцца ведамі.
– А ці спрабавалі сябе ў ролі выкладчыка раней?
– Так, яшчэ калі была студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта практыкавала выкладанне англійскай мовы невялікай аўдыторыі. І ў бібліятэцы першая спроба атрымалася паспяховай. Дзяўчынка, якая прыходзіла на заняткі, значна палепшыла школьныя адзнакі. Я ж ніякіх адзнак не стаўлю, гэта і дапамагло дзіцяці распаволіцца – і замежная мова стала не пакараннем, а цікавай гульнёй.
Дарэчы, павінна прызнацца, што тычыцца заняткаў – я невыносная: пакуль не ўбачу выніку, не адступлюся.
Потым далі аб’яву, што ідзе набор жадаючых. Першая група – 13 чалавек, дарослыя і дзеці. Упор раблю не на тэарэтычную частку, а на практычную. Галоўнае, каб заняткі давалі задавальненне і вучням, і мне.
– Колькі вучняў запісалася ў гэтым годзе?
– Запіс пачалі ўлетку 2020 года. На курсы “Паліглот” знайшлося 38 жадаючых (на англійскую мову, планую зрабіць дзве групы), 9 – на французскую. Шмат гэта ці не, пакажа час, але так прыемна, што ёсць тыя, каму цікава ўдзельнічаць у гэтым праекце!
– Але ж неабходна база.
– Зразумела, каб зрабіць сапраўдную моўную платформу ў бібліятэцы, трэба і камп’ютэрная аўдыторыя, і магчымасць замаўляць адпаведную вучэбную літаратуру. Пакуль набываю літаратуру сама, распрацоўваю матэрыялы, раблю падрабязныя медыя-лекцыі. Спадзяюся, у праекта будуць перспектывы, а тады з’явіцца і падтрымка.
І бібітэка XXI стагоддзя стане бязмежным акіянам ведаў і магчымасцей для ўсіх, прасторай, дзе не толькі можна ўзяць кніжку, падзяліцца ўражаннямі ад прачытанага, сустрэцца з аўтарамі сучасных любімых твораў, але і навучыцца чамусьці новаму, адшукаць новыя далягляды.
Вольга Паўлючэнка
Фота з архіва Н. Русак