Уладзімір Сытчанка (1951-2021)

Уладзімір Сытчанка: «З гадамі мы робімся больш кансерватыўнымі»

Візітка: Уладзімір Сытчанка нарадзіўся 5 жніўня 1951 года ў горадзе Маладзечна. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1975). Вучыўся ў Васіля Шаранговіча і Паўла Любамудрава. Удзельнік мастацкіх выставак з 1975 года. Працуе ў розных жанрах станковай і кніжнай графікі, а таксама ў жывапісе і плакаце. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі і фондах БСМ. Член Беларускага саюза мастакоў з 1988 года. Выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Пры сустрэчы з кнігамі, якія аздобіў Уладзімір Сытчанка, адчуваеш тую ж радасць, як спаткаўшы добрых старых знаёмых: Эрых-Марыя Рэмарк “Тры таварышы”, Умберта Эка “Імя ружы”, Роберт Грэйуз “Я  – Клаўдзій”, Якуб Колас “На ростанях”, Васіль Быкаў “Знак бяды”, Стэфан Цвейг “Марыя Сцюарт”, Лізелота Вельскопф-Генрых “Сыны Вялікай Мядзведзіцы”, Васіль Быкаў “Мёртвым не баліць”… На рахунку мастака ёсць і ілюстрацыі да любімых усімі беларускіх народных казак.

 – Уладзімір Іванавіч, з якімі выдавецтвамі вам давялося супрацоўнічаць?

 – Заказ на аздабленне першай кнігі я атрымаў у “Вышэйшай школе”. Вокладка ў яе планавалася каляровая, а франтыспіс зроблены пад гравюру. (Я на той час займаўся гравюрай, да графікі гэта было бліжэй.)

Потым перайшоў на пяро. Дэталі, выразнасці і дакладнасці, якіх патрабуе ілюстрацыя, яшчэ не даваліся, уменне прыйшло з часам. Працаваў з такімі выдавецтвамі, як “Народная асвета”, “Юнацтва”. Заспеў шчаслівы час, калі мастакі былі запатрабаваны: нават навуковыя і тэхнічныя выдавецтвы дадаткова яшчэ выпускалі ў свет мастацкую літаратуру. (Кнігі гэтыя былі дэфіцытам, іх можна было набыць толькі здаўшы макулатуру.) Шмат было прыгодніцкай літаратуры. З задавальненнем прыгадаю і выдавецтва “Оракул”.

 – Ці не спрабавалі падлічыць, якая колькасць кніг мае ў выходных даных ваша прозвішча?

 – Дзесьці каля 300.

 – А з гэтай велізарнай колькасці якія асабліва запомніліся?

 – Зборнік вершаў Анатоля Вярцінскага “Хлопчык глядзіць”, над якім працаваў у пачатку 1990-х. У канцы 1980-х ілюстраваў творы Васіля Быкава. Назаву і кнігу “Дыялог”, у якую ўвайшло пяць п’ес Аляксея Дударава (“Парог”, “Выбар”, “Узлёт”, “Радавыя”, “Вечар”). Працаваў над ёй паўтара месяца. Вынайшаў цікавую тэхніку  – гравюра на паперы. Арыгіналы не захаваліся, таму што папера на гумавым клеі доўга не трымаецца. Ілюстрацыі сёння існуюць у перазнятым выглядзе. Са з’яўленнем камп’ютара змог дапрацаваць іх у фоташопе.

 – Кнігу якога аўтара хацелі б аздобіць сваімі малюнкамі?

 – Ёсць цікавы аўтар Габрыэль Феры. Яго твор “Лесной бродяга” (павінен быць трохтомнік), на жаль, не дачакаўся выхаду ў свет у маскоўскім выдавецтве  – яно спыніла дзейнасць. Для гэтай кнігі мной зроблена шмат ілюстрацый. Усё ж такі спадзяюся калі-небудзь убачыць яе выдадзенай.

 – Над чым працуеце сёння?

 – Не так даўно ілюстраваў зборнік паэзіі для прыватнага вы- давецтва. Займаюся калажамі. Выкарыстоўваю не пастановачныя, а выпадковыя фота. Бярэш нейкую аснову, пачынаеш дадаваць дэталі, спалучаючы розныя тэхнікі. Ёсць у мяне калаж, прысвечаны Багдановічу,  – і малюнак, і фота. Часам на такі калаж ідзе месяц, а то і паўгода.

 – Ці застаецца час на чытанне? Якой літаратуры належыць ваша ўвага?

 – Апошнім часам ударыўся ў класіку. Сёння па-новаму ўсё бачыцца, вельмі цікава звяртацца да вядомых твораў. Можа, гэта звязана з узростам: з гадамі робішся больш кансерватыўным. З новай літаратурай не вельмі сябруеш. Ды й часу асабліва не хапае. На камп’ютар шмат траціцца.

Перачытваю творы Гогаля. Вяртаюся да беларускіх класікаў. Паэзію Багдановіча вельмі люблю. Калісь ілюстраваў кнігу Якуба Коласа “На ростанях”. Было невялікае афармленне  – і я даволі павярхоўна перагледзеў тэкст. Цяпер надарылася магчымасць вярнуцца да яго, адчуць кожны радок.

 – Вашы мастацкія планы?

 – Хачу сур’ёзна заняцца станковай графікай. Можа, стварыць серыю гравюр, прысвечаных падзеям з гісторыі Беларусі. Каля 15 лістоў. Ваенная тэматыка: асноўныя гістарычныя бітвы, у якіх беларусы былі пераможцамі.

Алена Сухадолава, загадчыца бібліятэкі № 18 г. Мінска, кіраўнік мастацкай галерэі “Вільнюс”, дзе да 6 лістапада 2012 года будзе праходзіць выстаўка кніжнай графікі У. Сытчанкі:

 – Бібліятэка ажыла са з’яўленнем галерэі. Людзі прыходзяць да нас паглядзець мастацкія творы  – і застаюцца сябрамі бібліятэкі. Так здарылася і з Уладзімірам Іванавічам, што завітаў сюды на адкрыццё выстаўкі аднаго са сваіх калег.

На базе выдатнай калекцыі, што склалася з падарункаў нашых сяброў  – каля 150 работ, мы праводзім заняткі па сусветнай мастацкай культуры  – тое, ад чаго сёння адмовіліся школы. Экспанавалі выстаўку і ў Доме міласэрнасці, і ў Палацы рэспублікі. Можа, на адкрыццё ў іншых галерэях і збіраецца больш народу, але калі палічыць, колькі людзей кожны дзень ходзяць у бібліятэку і не прамінаюць выставак, думаю, канкурэнтаў у нас мала.

Вольга Паўлючэнка, фота з архіва У. І. Сытчанкі

“Літаратура і мастацтва”, № 43(4689) 26 кастрычніка 2012 года, с. 16

Добавить комментарий