Магутны волат на сувенірнай палічцы

Бягучы год, а адчуванне, што ён і сапраўды бяжыць, абяцае шмат урачыстасцей. Аб’яўлены Годам міру і стварэння, вялікую ўвагу ён працягвае звяртаць на духоўныя каштоўнасці, якія складаюць наш непаўторны нацыянальны характар. Нагода ёсць – у 2023 годзе будзе адзначацца 20-годдзе Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Напрыканцы 2022-га ў Мінску прайшла Міжнародная канферэнцыя, прысвечаная пытанням нематэрыяльнай спадчыны СНД, што выклікала шырокі розгалас.

Яе ўдзельнікі шчодра дзяліліся напрацоўкамі ў гэтай галіне. Асабліва ўразіў даклад доктара гістарычных навук, прафесара, акадэміка А. А. Асанканава, дырэктара Інстытута гісторыі, археалогіі і этналогіі імя Б. Жамгырчынава Нацыянальнай акадэміі навук Кыргызскай Рэспублікі, прысвечаны святкаванню тысячагоддзя эпасу “Манас” як фактара захавання і развіцця гістарычнай памяці народа.

Як паведаміла штотыднёвіку Лім вядучы спецыяліст Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКМ Алена Каліноўская, “наступіў час расказаць пра беларускія скарбы”.

А расказаць ёсць пра што. Напрыклад, менавіта ў 2023-м нас чакае 500-годдзе з часу першай публікацыі “Песні пра зубра” Міколы Гусоўскага.

Вялікі помнік неаднаразова выдаваўся ў Беларусі ў розных перакладах і ў аздабленні розных майстроў пэндзля. Не абышоў яго ўвагай і гродзенскі графік Юрый Якавенка. Выдатныя афорты да слыннага твора ён прапаноўваў на сустрэчы ў краме “Кніжны салон” шмат гадоў таму назад. Нават прафесар Адам Мальдзіс абраў тую сустрэчу са спісу розных мерапрыемстваў, дзякуючы працы мастака над кнігай Міколы Гусоўскага.

Ідэя з’явілася, калі нашы творцы спрабавалі пакарыць Захад сваім мастацтвам. І аказалася, што мова фарбаў таксама мае нацыянальны акцэнт. “Бельгійцы, галандцы, немцы любяць больш халодныя адценні, італьянцы – карычневата-жоўтыя – расказвае Юрый Уладзіміравіч. – Дарэчы, не ўсе мастакі радаваліся супрацоўніцтву з замежнымі галерэямі. Некаторыя вельмі моцна абураліся, чаму іх творы выстаўлены за неверагодна высокі кошт. Ім тут трэба было клапаціцца пра сямейны дабрабыт, а гадамі чакаць, пакуль карціна знойдзе пакупніка, мог далёка не кожны. Галерэісты спрачаліся: “Работа каштуе менавіта столькі, і прадаваць яе будзем менавіта за такія грошы”.

У яго атрымалася шматгадовае супрацоўніцтва з “друкаром ад Бога”. У італьянскім горадзе де Сан Бенедзета дель Тронта з’явіўся першы сумесны праект Юрыя Якавенкі і Джуліяна Якамучы – кніга Гусоўскага. Дваццаць восем лістоў лацінскага тэксту з трынаццацю гравюрамі аддрукавалі на паперы, зробленай уручную, – так рабіліся кнігі на самым пачатку існавання. “Магчыма, яна застанецца галоўным творам майго жыцця” – сказаў на сустрэчы ў “Кніжным салоне” Юрый Уладзіміравіч.

У яго гарадзенскай майстэрні на другім паверсе колішняй ваданапорнай вежы мы размаўляем пра кнігі, якія ілюстраваў яшчэ са студэнцкіх гадоў. “Супрацоўнічаючы з выдавецтвамі, я атрымліваў каля 200 р. на месяц, а студэнцкая стыпендыя была 60 р. Канечне, такіх тэхнічных магчымасцей, як сёння, не існавала. Фатаграфавалі шрыфты, выразалі, клеілі на гумовы клей”.

Здаралася і такое, што аўтары не згаджаліся на яго вокладкі. Як пісьменнік разумею, цяжка адразу прыняць вокладку да ўласнай кнігі, атаясамліваць палёт душы мастака з уласнымі думкамі…

“Я ўкленчыў аднойчы: “Дайце мне што-небудзь зрабіць, якога-небудзь мёртвага паэта! А то зрабі — і пойдзеш узгадняць да пісьменніка. Зраблю, усе ў захапленні. “Але з табой хоча сустрэцца аўтар. Ідзі да яго, толькі работы не паказвай, ён іх не ўхваліць. Зрабі выгляд, што яшчэ нічога не стварыў, выслухай парады, а мы пасля пастараемся яго ўгаварыць”. І ўсё, там не тое зрабіў, тут трэба перапрацаваць…

Помню, прыйшоў у выдавецтва Паплаўскі, а я сяджу там, як хлопчык. Ён: “Ну што, дзяўчаты, ёсць Шэкспір? І каб былі чатыры колеры”. (Таму што поўнакаляровая вокладка аплачвалася вельмі добра.)

Марыў пра класіку, бачыў пэўную тэму, як яе можна было б зрабіць сучасна. Ды толькі Шэкспіра давалі мэтру”.

І тут неверагодны шанец. Яго творы абралі для кнігі У. Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” На маё пытанне, што мастакі рэдка бываюць задаволены надрукаванай вокладкай, адказвае: “Я ніводнага разу не быў задаволены гатовай кніжкай. Нават зборнікам Караткевіча. Кожны раз знаходзілі моманты, дзе не дацягнулі, дзе завалілася нешта… Не паліграфія была вінавата, самі. Першы раз, другі – калі правы на выданне на тры гады выкупіла піцерская “Речь”. (Першая кніжка друкавалася ў Польшчы, “Речь” друкавала ў Рызе, а апошняе выданне – у Харкаве.)

Задавальняе толькі трэцяе выданне, дапрацаванае, яно ўлічыла ўсе папярэднія пралікі (тое самае, на вокладцы якога чорная паласа і якое яшчэ ёсць на палічках беларускіх кнігарань — В. П.).

­
– А што адбылося з “Песняй пра зубра”?

– Кніга ручной работы – бузумоўна, мастацкая каштоўнасць, знайшла сваіх пакупнікоў. Але, хаця і напісана Міколам Гусоўскім на лацінскай мове і пачынае сюжэт з апісання карыды,  запатрабавана была не ў Італіі, а ў нас. Яна не пра іх – пра нас, пра падзеі на нашых землях. Справа ў менталітэце. 

Яго запаветная мара, каб ілюстраваная ім “Песня пра зубра” стала папяровым шматтыражным выданнем.

“Дзеля гэтага ўсё ёсць. Ёсць дызайнеры, ёсць жаданне. І месяц, за які спецыялісты змогуць зрабіць макет, яны не адмовяцца працаваць дзень і ноч”.

А я ўзгадваю, з якім размахам адзначаўся юбілей эпасу «Манас». Спецыяльна папрасіла ў бібліятэцы некалькі выданняў у розным перакладзе, з ілюстрацыямі розных мастакоў. Выгляд некаторых выклікаў жаль: неахайна пакрэсленыя вучнямі, якія рыхтаваліся да сачыненняў… Сярод іх адносна пашанцавала твору ў перакладзе Язэпа Семяжона з ілюстрацыямі Арлена Кашкурэвіча. Мяркую, у астатніх бібліятэках сітуацыя прыблізна такая. Юбілей — добрая нагода ўпрыгожыць беларускія палічкі творам, які яскрава расказвае пра сімвал Беларусі і мужнасць нашых продкаў.

У сакавіку нас чакае Міжнародны кніжны кірмаш. Ці зойме належнае месца на палічцы гонару беларускі культурны помнік “Песня пра зубра”?

Візітка: Юрый Якавенка нарадзіўся ў 1965 годзе ў Прыморскім краі. У 1992 годзе скончыў БДАМ (кафедра графікі).

З 1994 года – член Беларускага саюза мастакоў, з 2007-га – член шведскага аб’яднання «Grafikens Hus». Працуе ў тэхніцы традыцыйнага афорта.

Сярод 35 міжнародных і беларускіх узнагарод аўтапартрэт Рэмбрандта, аддрукаваны з дошкі вялікага майстра. Персанальныя выстаўкі праходзілі ў Расіі, Украіне, Францыі, Іспаніі, Літве, Нідэрландах, Бельгіі, Польшчы, Швецыі, на Кіпры. Гравюры мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, муніцыпальных музеях і галерэях Нью-Ёрка, Таронта, Стакгольма і многіх гарадоў, бібліятэцы Ватыкана, прэзідэнта Партугаліі, кракаўскай бібліятэцы Чартарыжскіх, асабістым зборы каралевы Вялікабрытаніі і іншых прыватных калекцыях.

Жыве ў г. Гродна.

Вольга Паўлючэнка, фота аўтара

Добавить комментарий