Імёны для нацыянальных рэкордаў
У газеце “Літаратура і мастацтва” аддзел “Кніжны свет”, дзе я працавала, не толькі асвятляў выдавецкія навінкі, але і трымаў руку на пульсе кнігагандлёвай сеткі. У рубрыцы “Топ-10 самых набываемых беларускіх і расійскіх выданняў” першыя пазіцыі ўвесь час трымалі кнігі Аксаны Катовіч і Янкі Крука, прысвечаныя традыцыйнай беларускай культуры.
Лічбы ўражвалі. У 2010 годзе “Залатыя правілы народнай культуры” мелі тыраж 20 тысяч экзэмпляраў. Але нагода зрабіць інтэрв’ю выдалася праз шмат гадоў, калі ў якасці рэдактара я працавала над праграмай старшага выкладчыка кафедры рэжысуры факультэта мастацкай культуры БДУКМ А. В. Катовіч, якая 11 студзеня 2022 года адзначыла юбілей.
Пакліканыя беларускім фальклорам
У пачатковай школе беларускую мову яна не вывучала. У Баранавічах, дзе былі ажно чатыры вайсковыя гарнізоны, такога прадмета не было ў раскладзе: сёння бацькі тут, а заўтра могуць апынуцца ў любой кропцы вялікай краіны СССР.
Упершыню дзяўчынка адчула прыгажосць мовы на канцэрце Уладзіміра Мулявіна і яго слынных “Песняроў”, калі вучылася ў сёмым класе. У доме адразу з’явіліся пласцінкі з запісамі. (Аксана Веніямінаўна даўно лічыць, што нічога выпадковага не бывае. Мяркуйце самі, рускі Мулявін, дакрануўшыся да беларускай народнай песні, узнёс яе на недасягальную вышыню. Дачка ўкраінца і рускай, ленінградкі, А. Катовіч стала сааўтарам кнігі “Залатыя правілы народнай культуры”, якая вытрымала 14 выданняў, 8 дадатковых тыражоў, агульны наклад – 90 тысяч экзэмпляраў. Ды плюс яшчэ 6 тысяч – на кітайскай мове. Дарэчы, і дзень нараджэння ў нашай гераіні і Песняра побач – у яе адзінаццатага студзеня, у яго – дванаццатага.)
Пасееш характар – пажнеш лёс
Яе маці засталася ўдавой з трыма дачкамі. Абшывала ўсіх, вучыла: “Ніхто не павінен здагадацца, як вам насамрэч цяжка”. Для малодшай быў выбраны шлях настаўніцы пачатковых класаў – побач у 1982 годзе адкрылася Баранавіцкае педагагічнае вучылішча. Спачатку тая супраціўлялася – хацела стаць гісторыкам, археолагам. Яе пераканалі, што гэта выдатна, калі ў другой палове дня ты ўжо вяртаешся з работы дадому. Часу дзяўчына дарма не губляла. Заўсёды была выдатніцай ды харашысткай. І толькі па беларускай мове, якую ўрэшце пачала вывучаць, намалёўвалася “тройка”. Аксана не здалася, да заліку рыхтавалася на ўсю моц і атрымала добрую адзнаку.
А яшчэ падчас вучобы з’явілася магчымасць раскрыць безліч талентаў. З другога курса Аксана ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, спявала ў ансамблі, праводзіла конкурсы. Навучэнка праяўляла такую актыўнасць у жыцці ўстановы, што яе з вялікім задавальненнем пакінулі працаваць на вызваленай пасадзе старшыні студэнцкага прафкама. Атрымала чырвоны дыплом і затрымалася на гэтай рабоце 13 гадоў. Праз некаторы час стала выкладаць беларускую дзіцячую літаратуру. Паралельна вучылася ў Брэсцкім педагагічным інстытуце імя А. С. Пушкіна.
Аўтапрабег іх “Аўдзі” здзіўляў пакупнікоў
“Трэба ісці далей, нельга заставацца на дасягнутым”, – раілі старэйшыя калегі. Яна была адной з шасцідзесяці чалавек, што прыехалі вучыцца ў толькі што адчыненую магістратуру пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Першая спроба такога ўзроўню ў рэспубліцы. 1998 год. І гэта падзея вызначыла далейшы лёс.
Аксана Веніямінаўна прыгадвае: “Зашылася на галёрку, бо першыя рады занялі людзі, значна старэйшыя па ўзросце. Прыйшла група салідных выкладчыкаў пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры беларусазнаўства АПА. Выбіралі сабе магістрантаў згодна адукацыі, напрамку інтарэсаў, апублікаваным артыкулам і да т. п. У іх былі сур’ёзныя напрацоўкі. А я гуляла ў КВЗ (была капітанам самай першай беларускай каманды, што выйграла кубак), ладзіла канцэрты на плошчы Леніна ў Баранавічах, была салісткай і клавішніцай у вакальна-інструментальным ансамблі. Засталася адна. Паднімаю руку і задаю пытанне: “А я?” – “А вы будзеце пісаць дысертацыю пад маім кіраўніцтвам”, – адказаў Іван Іванавіч”.
Менавіта І. І. Крук вырашыў, што выкладчык дзіцячай літаратуры будзе займацца фальклорам. Аксана разгубілася – дзе фальклор, а дзе яна, гараджанка, якая мае пра прадмет толькі кніжнае ўяўленне.
Прарэктар Баранавіцкага педкаледжа атрымала інфармацыю, што Іван Іванавіч праводзіць двухтыднёвыя курсы, і камандзіравала Аксану ў Мінск. Насамрэч, планавалася, што гэта будзе адна лекцыя, якую ён прачытае ў дзіцячых садках і школах. Але дзеля магістранткі ён стараўся праводзіць сустрэчы так, каб кожнае выступленне было працягам папярэдняга. Яна садзілася ў апошні рад і старанна занатоўвала ўсё, што ён даводзіў да педагогаў. Традыцыі і абрады, падпарадкаванасць жыцця нашых продкаў гадавому колу сонцазвароту, святы – галоўныя і рэгіянальныя… У пэўны момант адчула, што гэта ёй сапраўды цікава. Асабліва таму, што ўсё было зусім новае.
Першыя камп’ютары, цуд – можна маляваць на экране дыяграмы… Святы гадавога кола паспрабавала аформіць графічна і прывезла кіраўніку вынікі сваёй працы.
Неўзабаве перабралася ў Мінск. Працавала ў Акадэміі мастацтваў кіраўніком новастворанага аддзела па працы з моладдзю і адначасова займалася навуковай працай. Іван Іванавіч Крук рыхтаваў кнігу “Сімволіка беларускай народнай культуры”. Яе матэматычнае мысленне і ўменне сістэматызаваць факты і яго валоданне такім неабсяжным матэрыялам у спалучэнні далі плённы вынік. Кніга карысталася вялікім попытам. На ўласнай машыне яны аб’ехалі з прэзентацыямі ўсю Беларусь. Можна сказаць, што “Сімволіка…” трапляла да чытача прама з друкарні, мінаючы крамы.
У 2003 годзе з’явілася першая сумесная кніга – “Кола часу: традыцыі і сучаснасць”. (Тры выданні, агульны тыраж – 6 тысяч экзэмпляраў.)
Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ядвіга Дамінікаўна Грыгаровіч у 2004 годзе параіла І. І. Круку займацца фальклорам у якасці дэкана ці загадчыкам кафедры на толькі што створанай кафедры фальклору і этнаграфіі. Ён выбраў загадчыкам. “На трэцім паверсе ўніверсітэта стварылі шыкоўны музей – гаршкі, посцілкі, ткацкі станок, прывезеныя намі з экспедыцый. Студэнты мелі магчымасць патрымаць у руках усё, пра што ім расказвалі. А мы вырашылі выдаць кнігі, прысвечаныя беларускаму народнаму календару. Уладзімір Мазго, у той час рэдактар дзіцячага аддзела выдавецтва “Мастацкая літаратура”, прапанаваў стварыць кнігу пра беларускі народны каляндар не для дарослых, а для дзяцей ці падлеткаў. Так з’явіліся “Зімовыя святы”. Але на той час цікавей было пісаць для дарослых, паказаць, што мы навукоўцы, даць параўнальны аналіз, уразіць экспедыцыйнымі матэрыяламі”, – працягвае Аксана Веніямінаўна.
“І асобна хочацца сказаць добрыя словы журналістцы “Звязды” Алене Ляўковіч, якая зрабіла серыю інтэрв’ю з Іванам Іванавічам. Менавіта гэтыя публікацыі падштурхнулі спачатку самім весці адпаведную рубрыку ў гэтым выданні, а пазней дапоўніць артыкулы ведамі пра сямейна-родавыя абрады і аб’яднаць у асобную кнігу”.
Будучы бестселер пад уплывам павеваў часу спачатку меў назву “Фэншуй па-беларуску”. Усходняя мода захапіла нашы палічкі, і, бадай, у рэдкім доме не было жабы з грошыкам у роце – сімвалу дабрабыту. Але навошта жыць па чужых правілах, калі сваіх – скарбонка?! У выдавецтве “Адукацыя і выхаванне” катэгарычна ад назвы адмовіліся, далі суткі на разважанне. У выніку кніга стала называцца “Залатыя правілы народнай культуры”. Першы тыраж – 3 тысячы, выдадзены ў 2007 годзе, разышоўся за тры месяцы.
Між іншым, кітайцы, якіх у нас апошнія гады паболела, маюць магчымасць вывучаць усе нюансы традыцый нашай зямлі: беларускія “Залатыя правілы…” пераклалі і выдалі ў Пекіне ў 2020 годзе тыражом 6 тысяч экзэмпляраў (у выходных даных шматабяцаюча напісана “Першае выданне”, як падказаў Google, дзе ёсць праграма перакладу па малюнку).
На пытанне, як яны ўсё гэта паспяваюць, Аксана Веніямінаўна толькі ўсміхаецца. Вось, напрыклад, едуць у санаторый. Першая палова дня – на працэдуры. А далей – немагчыма ж ляжаць цэлы дзень – садзяцца ў машыну і накіроўваюцца ў бліжэйшую вёску, дзе іх чакаюць цікавыя сустрэчы і адкрыцці.
Ездзілі шмат – самі, са студэнтамі. Калі мянялі машыну на новую, аўтапрабег іх “Аўдзі” здзіўляў пакупнікоў: “Дзе вы столькі накаталі, няўжо з’ездзілі ва Уладзівасток?”
“Дайце дакладную інструкцыю”
Моцны інтарэс да нацыянальных традыцый звязаны і са станаўленнем маладой дзяржавы. Калі Беларусь атрымала незалежнасць, людзі адчулі прагу як мага больш глыбей даведацца пра свае карані. “Не перашкаджайце слухаць! Жыццёва важны курс!” – аднойчы спыніў таварышаў, з якімі даўно не бачыліся і якім было пра што паразмаўляць падчас лекцыі, адзін са студэнтаў музычнага факультэта. І хто ж не хоча быць шчаслівы і не зычыць шчасця дзецям?
“Мы чыталі ў якасці сумяшчальнікаў лекцыі ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Акадэміі МУС, БНТУ, усіх устаноў не пералічыць. І ўсюды былі запатрабаваны. Аднойчы на сустрэчы адзін з прысутных выдаў: “Не расказвайце, што і чаму з’явілася. Дайце нам дакладную інструкцыю, як і што трэба рабіць”.
Што гэта было не для трапнага слоўца, пераканаў ліст з чытацкай пошты, якую захоўваюць з вялікай цеплынёй. А. Катовіч узгадвае сумную падзяку: “Менавіта вашы публікацыі растлумачылі мне, што здарылася. Мяне кінуў муж. Любімы, добры. Жылі ў міры і згодзе, таму нас і запрасілі пахрысціць дзіця. Пасля яшчэ адны сябры запрасілі стаць хроснымі маці і бацькай іх дзіцяці. Праз некаторы час сказаў: “Не магу больш жыць з табой”. Не сышоў да іншай… На старонках вашай кнігі прачытала, што мужу і жонцы катэгарычна забараняецца станавіцца кумам і кумою. Самі вінаватыя, што так атрымалася…”.
А ці мог гэта ведаць святар, які хрысціў дзіця? Ці павінен быў адмовіць сям’і стаць хроснымі? З пункту гледжання царквы, старажытныя абрады, язычніцтва – грэх. Аксана Веніямінаўна ўзгадвае, што быў час гарачых дыскусій, у тым ліку на тэлебачанні, з удзелам святароў і фалькларыстаў. Але факт застаецца фактам – выданні Катовіч і Крука на палічках не залежваюцца.
У гэты час няўрымслівая Аксана Катовіч працуе яшчэ і вядучай вяселляў. Незабыўнымі падзеі робяць старажытныя абрады, ручнікі “не з нафты”, замовы на дабрабыт, багацце, сямейнае шчасце маладых… Гэта стала падставай для з’яўлення самага вялікага па аб’ёме (848 старонак) выдання А. Катовіч і Я. Крука “Беларускае вяселле ў прасторы традыцыйнай культуры”, якое ўбачыла свет у 2012 годзе).
На пытанне, як паўплывалі атрыманыя веды на іх жыццё, Аксана Катовіч адказвае, што вяселлі дзяцей яны стараліся гуляць па народных правілах. Абавязкова звяртаюцца да народнай мудрасці па ўсіх пытаннях, што тычацца ўнукаў.
І кавід не перашкодзіць
Сёння Аксана Веніямінаўна выкладае ў БДУКМ “Гісторыю свят”, “Традыцыйную святочную культуру”: “Гэтыя дысцыпліны вымагаюць распавесці і пра тое, чаму мы, беларусы, адзначаем двойчы Раство, і пра вытокі станаўлення хрысціянскіх свят, і пра грыгарыянскі каляндар, і пра святы іншых народаў. Трэба добра ведаць і царкоўныя святы, і сусветную гісторыю. Будучым рэжысёрам народных свят належыць мець багаты арсенал разнастайных ведаў”.
У кавідны час, калі немагчыма было куды-небудзь выехаць, на вёсцы, дзе знаходзіцца іх сядзіба, па народных традыцыях адсвяткавалі Масленіцу: з блінамі, якія рабілі на вуліцы, на патэльні, пастаўленай на асінавы пень з адмысловымі распіламі, унутры якога можна было падтрымліваць агонь, з саламяным пудзілам вёску абыйшлі і спалілі на ўскрайку поля. Так што ўражанняў хапіла і малым, і дарослым.
У перспектыўнасці даследавання беларускіх абрадаў А. В. Катовіч не сумняваецца. У 2013 годзе кніга навукоўцаў “Мікольская “Свяча”” расказала пра рэдкі абрад, які яшчэ існуе ў некаторых мясцінах Беларусі. Чым не нагода арганізаваць туры для замежнікаў, што цікавяцца аўтэнтычнай нематэрыяльнай спадчынай? У 2019 годзе выйшла ў свет кніга “Сакральны свет традыцый: 99 урокаў народнай культуры”. На сённяшні дзень у сааўтарстве А. Катовіч і Я. Крук выдалі 10 манаграфій. Агульны тыраж усіх кніг склаў 107 100 экзэмпляраў.
У планах юбіляркі – шмат праектаў. І са студэнтамі, і асабістых. У гэтым 2022 годзе Аксана Веніямінаўна абараніла кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную Часу. Вялікае натхненне – унук Іван. Таму ў марах напісаць кніжку пра ўсё, што ведаюць, але ўжо не навуковую, а дзіцячую, як некалі прапаноўвалі ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Спадзяёмся, что скарбонка беларускай кнігі будзе папаўняцца.
Вольга Паўлючэнка,
фота з асабістага архіву А. Катовіч