З 12 верасня ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”, што ў Палацы Рэспублікі, працуе выстаўка твораў Р. Ф. Шауры “Мой родны кут”.
Прымеркаваная да 80-годдзя мастака, выкладчыка, мастацтвазнаўцы, яна прысвечана галоўнай тэме яго жыцця – любові да Радзімы, яе вялікай гісторыі, людзей, прыгажосці прыроды.
Творы прадстаўлены ў розных тэхніках: гэта і лінагравюры, нібыта дакументальнае сведчанне мінулых гадоў (“Вайна вачыма дзіцяці”, 1971 г., з серыі лінагравюр, прысвечаных Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне; “Вёсачка ў мінулым”, 1969 г.; “Мінскі аэрапорт у 1960-я”, 1971 г.; “Віцебск: стары і малады. Від з акна мастацка-графічнага”) і неверагодна пяшчотная акварэль (“Беларускія прасторы”, 1977 г.; “Хутар каля возера Доўгае”, 1996 г.; “Канец жніўня. Вёска Дворышча ля возера Доўгае”, 1997 г., нацюрморт “Прыгожы”, 2006 г.; “Аранжавая раніца. Від на Нясвіжскі касцёл”, 2012 г.; “Задняпроўе. Шэры дзень”, 2018 г.).
Юбіляр – загадчык кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў –падкрэсліў, што яго творчы лёс не ведаў адзінага маршрута “дом – майстэрня”. Нягледзячы на гэтыя абставіны, яго працы знаходзяцца ў музеях Беларусі і прыватных галерэях краін Заходняй Еўропы.
Нарадзіўся 30 жніўня 1944 года ў вёсцы Малы Поўсвіж Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. У 1958 г. скончыў Поўсвіжскую сямігодку, старэйшыя класы – у Лепельскай сярэдняй школе № 2 (зараз ДУА «Гімназія імя І. М. Ерашова г. Лепеля»). Пасля – мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута, аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 1970 г. як мастак-акварэліст удзельнічаў у шматлікіх выстаўках.
Член грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” (з 1978 г.), доктар мастацтвазнаўства (2009 г.), прафесар (1997 г.). Лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне гуманітарных і сацыяльных навук “За духоўнае адраджэнне” (2000 г.) за значны ўклад у развіццё народнага мастацтва і падрыхтоўку кадраў для сферы культуры.
Член савета па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый па спецыяльнасці “Тэорыя і гісторыя мастацтва” пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, член прэзідыума Саюза майстроў народнай творчасці.
Узнагароджаны юбілейнымі медалямі “Дваццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.” (1965 г.), “80-годдзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” (2009 г.), медалём Францыска Скарыны (2022 г.), ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2002, 2021 гг.), Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў (2010, 2016, 2021 гг.). З 1977 г. лёс Р. Ф. Шауры знітаваны з БДУКМ, на яго рахунку некалькі пакаленняў людзей, якімі ганарыцца мастацтва Беларусі. І не толькі – тыя выхаванцы, хто сёння кіруе культурай на месцах, сабраліся на ўрачыстае адкрыццё, каб сказаць добрыя словы юбіляру.
Рыгор Фёдаравіч мае на рахунку больш за 200 навуковых прац, сярод іх 12 манаграфій і навучальных дапаможнікаў. Даследуе праблемы развіцця прафесійнага і народнага выяўленчага мастацтва, творчасць сучасных беларускіх мастакоў. З’яўляецца аўтарам шэрагу альбомаў і літаратурна-мастацкіх выданняў: кніг “Гаўрыіл Харытонавіч Вашчанка”(1978 г.), “Міхась Мікалаевіч Засінец” (1981 г., у сааўтарстве з А. У. Красікавай), “Леанід Дударанка” (1985 г.), “Альгерт Малішэўскі” (1988 г.), “Творчество Л. Трохалевой” (1981 г.) і інш.
Павіншаваць юбіляра прыйшлі яго калегі, сябры, колішнія вучні. Уладзімір Уродніч, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаурэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прыгадаў пра працу Рыгора Фёдаравіча ў міністэрстве, высока ацаніла яго дзейнасць прарэктар па навуковай працы БДУКМ Алена Корсакава, шмат цёплых слоў сказалі супрацоўнікі кафедры, дырэктар галерэі Марына Татарэвіч, дэкан факультэта мастацкай культуры Алена Пагоцкая, прафесар кафедры кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДУКМ, доктар педагагічных навук, кандыдат філасофскіх навук Аляксандр Кавалёў, загадчык кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі БДПУ Георгій Лойка, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Апіёк. Рыгор Фёдаравіч выказаў вялікую падзяку супрацоўнікам кафедры і паведаміў, што пасля заканчэння выстаўкі частка работ будзе перадана ў Музей Вялікай Айчыннай вайны.
Вольга Паўлючэнка, фота аўтара