![](https://norina.by/wp-content/uploads/2024/02/обложка-Коновальчик-700x469.jpg)
У кніжнай суполцы нашай краіны з’явілася манаграфія Ірыны Канавальчык “Женский образ в хореографическом искусстве Беларуси ХХ – начала ХХI века”, якая зацікавіць шырокае кола чытачоў. Даследаванне ўбачыла свет у БДУКМ.
Гэта выданне ахвотна возьмуць у рукі не толькі навукоўцы, бо тут упершыню падрабязна і грунтоўна даследуецца эвалюцыя мастацкай трактоўкі вобраза жанчыны на матэрыяле народна-сцэнічнага, класічнага і сучаснага танца на працягу доўгага часу. Мяркую, кніга падабаецца і аматарам тэатральнага жыцця: аўтар багата ілюструе свае думкі прыкладамі пастановак, добра вядомых гэтай частцы чытачоў. Да таго ж на яе старонках ёсць унікальныя здымкі з архіваў Юліі Чурко, Валянціна Дудкевіча, самой Ірыны Віктараўны – балетмайстра, стваральніка і мастацкага кіраўніка ансамбля танцавальных і харэаграфічных мініяцюр “Бліскавіца”, галоўнага балетмайстра Акадэмічнага ансамбля Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і сённяшняга выкладчыка БДУКМ, кандыдата навук.
Якой хацелі бачыць на сцэне ідэальную жанчыну і якія яе рысы павінен быў узмацніць яе сцэнічны антыпод у паслярэвалюцыйныя гады, як рабіліся спробы стварыць новае мастацтва, расказаць пра перамены ў свеце з дапамогай “механічных танцаў”, якімі сродкамі трансляваліся народныя ўяўленні пра лепшыя якасці гераіні – на старонках манаграфіі расказана лёгка і зразумела. Не менш цікава ісці за аўтарам, калі яна аналізуе шматгалоссе мастацкіх вобразаў народаў СССР і прасочвае іх узаемадзеянне і ўзаемаўзбагачэнне, не пакідае па-за ўвагай выбуховае з’яўленне “Харошак”, што паказалі свету высакародную жанчыну-шляхцянку. Аматары харэаграфіі разам з аўтарам ўзгадаюць і слынныя работы Раду Паклітару на сцэнах Мінска, і класічныя балетныя пастаноўкі, якім дарылі шчырыя апладысменты. Спрабуе Ірына Віктараўна даць прагноз на далейшае развіццё вобраза гераіні, разглядаючы цікавыя эксперыменты новай генерацыі пастаноўшчыкаў-балетмайстраў на матэрыяле Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску.
Аўтар вельмі ўсхваляваны: “Выданне гэтай кнігі – своеасаблівая перамога над сабой. Яшчэ некалькі год таму нават не магла ўявіць, што дадам новы напрамак да творчай дзейнасці – даследчыцкую і літаратурна-публіцыстычную. Сярод практыкаў гэта не вельмі распаўсюджаная з’ява – прафесійнае спалучэнне балетмайстарскай, выканаўчай і тэарэтычнай дзейнасці, таму што гэтыя сферы знаходзяцца даволі далёка адна ад адной. Але мяне натхняў прыклад жанчыны з вялікай літары Юліі Міхайлаўны Чурко, маёй настаўніцы, а потым калегі, яе жыццёвы і творчы шлях балерыны, журналіста, доктара мастацтвазнаўства, акадэміка, пісьменніка.
Верагодна, хтосьці, убачыўшы назву маёй кнігі, вырашыць, што тут у чарговы раз уздымаецца праблема эмансіпацыі, што ўжо набіла аскому. Насамрэч, гэта не так. Менавіта я супраць татальнай і бязглуздай роўнасці паміж мужчынай і жанчынай. У кожнага пола існуюць свае Алімпы. Мая праца пра зменлівую рэчаіснасць, якую адлюстроўвае харэаграфічны свет, і высокую ролю, што па праве належыць беларускай жанчыне паводле яе ментальнасці”.
Вольга Паўлючэнка
Фота вокладкі манаграфіі