Ніша для захавання дакументалістыкі

Калі на афішы кінафестывалю бачыш дакладнае азначэнне канфесійнай прыналежнасці – “хрысціянскі”, адразу ўзнікаюць пэўныя пытанні. Па-першае, ці не адбіваецца гэта на якасці стужак. Па-другое, нашто кідаць камень раздору на поле дакументальнага кіно, якое і так перажывае не самыя лепшыя часы (я, напрыклад, помню існаванне ў Мінску спецыяльнага кінатэатра і чэргі да яго кас). І ўвогуле, які дакументальны фільм лічыць хрысціянскім, а якому адмовіць ва ўдзеле ў фінале конкурсу? Менавіта з гэтага пачалася наша размова з вядомым беларускім рэжысёрам Юрыям Гарулёвым, старшынёй Міжнароднага каталіцкпга фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлеперадач «Magnificat».

 

– Адразу заўважу: фестываль не раз’ядноўвае. Ён адкрыты для прадстаўнікоў розных канфесій. Пачынаўся як каталіцкі – паспрыялі палякі, у якіх свой Магніфікат у Непакалянаве, прысвечаны святару, што ў годы Другой сусветнай вайны пайшоў на смерць замест іншага, якога меліся спаліць у канцлагеры. Але прыезд да нас матушкі Сафіі – старшыні праваслаўнага фестывалю ў расійскім Обніску і днепрапятроўскага святара зламалі міжканфесійныя бар’еры.
– Чаму вы ўзяліся за такую няпростую справу?
– Сапраўды, простай яе не назавеш. Некалькі месяцаў ідзе вялікая падрыхтоўчая праца: трэба падрыхтаваць распісанне праглядаў, каталогі, зарэзерваваць гасцініцы і да т.п. Заўважце, на грамадскіх пачатках.
Як рэжысёр-дакументаліст бачу, што Магніфікат – добрая ніша, якая дазваляе падтрымліваць цікавасць і стваральнікаў стужак гэтага жанру, і гледачоў. На жаль, сённяшні стан дакументальнага кіно пакідае жадаць лепшага. І асабісты момант – калі чалавек усё жыццё прысвяціў дакументальнаму кіно, наўрад ці зоймецца нечым іншым.
– Колькі стужак даводзіцца праглядаць, перш чым выкрысталізуецца праграма?
– Асабіста мне – каля васьмідзесяці. (У адборачнай камісіі фестывалю працуюць некалькі чалавек.)
Безумоўна, улічваецца ўзровень удзельнікаў. Калі ў чалавека ёсць жаданне, а навыкаў няма, прапаноўваем яму вучыцца. Менавіта гэта бяда фестывалю – калі аўтары не разумеюць, што кіно – не толькі жаданне, але перш-наперш прафесія.
– У гэтым годзе вы фактычна праводзіце два фестывалі – Магніфікат 2013 па волі лёсу прайшоў напачатку 2014-га, Магніфікат 2014 чакае запросіць гледача ў канцы жніўня. Ці хапіла стужак?
– Хапіла, і нават некаторыя давялося адкласці на наступны год. Мяркую, трэба павялічваць фестываль на некалькі дзён.
– Працавалі ў тым жа складзе?
– Так, каманду фестываля не павялічылі.
– Ці з’явіліся нейкія новыя тэмы і акцэнты ў сувязі з апошнімі падзеямі ў свеце, у нашых суседзяў-украінцаў?
– Новых тэм і акцэнтаў не з’явілася. Адзначу цікавы фільм нашага даўняга сябра – удзельніка некалькіх фестываляў Юрыя Захватаева з Кіева. Назва яго – “Першыя”. Стужка пра крымскіх хрысціян-адвентыстаў сёмага дня. Героі – татары, яўрэі, немцы-каланісты. Пачатак падзей вядзе адлік з 1889 года. З пункту гледжання сённяшняга дня – звышактуальна, хаця і зроблена два гады таму.
– І ўсё ж, як сфармуляваць паняцце “хрысціянскае кіно”?
– Зразумела, на належнасць стужкі да хрысціянскага кіно не ўплывае колькасць знятых у карціне крыжоў, купалоў і інш. Наадварот. Напрыклад у польскага рэжысёра Кіслеўскага, што зрабіў 10 стужак паводле білейскіх запаветаў, іх увогуле няма. У кадры жыццёвыя рэчы, галоўныя героі – звычайныя людзі. Іх жыццё пабудавана так, што гэтыя запаветы яны не парушаюць, хаця і не разважаюць кожную хвіліну пра іх выкананне. Я сфармуляваў бы так: на фестываль адбіраюцца сучасныя стужкі, у якіх на матэрыяле сённяшняга дня стваральнікі разважаюць пра дабро і зло, пра тое, як чалавек ідзе шляхам святла. Шмат з іх расказваюць пра лёсы святароў, як яны ішлі да веры.
Яшчэ прыклад – работа Віктара Аслюка “Драўляны народ”. Яе герой не моліцца і не хрысціцца ў кадры, але кожны эпізод пранізаны высокай духоўнасцю. Адзіны жыхар паміраючай вёскі зрабіў драўляныя скульптуры сваіх суседзяў. “Драўляны народ” святкуе вяселлі і хрэсьбіны. Гэта стужка цудоўна ўпісалася ў фармат нашага фестывалю.
– Але далёка не кожнаму рэжысёру-дакументалісту цікава працаваць у пэўных рамках… Як фестывалю ўтрымаць узровень?
– Канечне, жорсткай канкурэнцыі ў межах “Магніфікату” няма. Неяк адзначаюцца заахвочвальнымі ўзнагародамі розныя па мастацкай вартасці работы. Але і прафесіяналаў сярод удзельнікаў хапае.
Цікавы факт, студыю ў Бараўлянах узначальвае манахіня – колішняя выпускніца БДАМ.
У іншых краінах ужо зададзены ўзровень, горш за які працаваць нельга. У Магніфікаце прымаюць удзел італьянскія дакументалісты, у іх краіне існуе фестываль у горадзе Трэнта “Рэлігія сёння”, у якім удзельнічаюць стужкі рэжысёраў усіх канфесій. На мясцовых каналах тэлебачання дзейнічаюць моцныя тэлеканалы, дзе пастаянна транслюцца фільмы такога напрамку. У Польшчы ў кажным горадзе працуе кталіцкі тэлеканал.
Яшчэ нядаўна ўкраінскі Днепрапятроўск праводзіў асамблею дакументальнага кіно: у лепшым кінатэатры горада (400 месцаў) тры дні бясплатна ішлі прагляды – і чарга стаяла! (Там рэклама забаронена, нішто не адцягвала ўвагі ад ідэі фільма.) Падчас майстар-класаў людзі сядзелі нават на прыступках. Арганізатар – настаяцель храма, дарэчы, былы джазіст, кіраўнік цэнтра праваслаўнай культуры айцец Ігар Сабко. А сродкі на гэта выдаткоўваў мецэнат!
А наш кінапракат прадаў “Сталіцу”, якая магла паспяхова стаць месцам, дзе пастаянна ішло б дакументальнае кіно. І грамадству існаванне кіно, якое прымушае разважаць, было б толькі на карысць.
– Пачынаецца Магніфікат у Мінску, потым яго пляцоўкай робяцца Глыбокае, Удзела і Мосар.
– Некалькі месяцаў ідзе вялікая падрыхтоўчая праца: трэба падрыхтаваць распісанне праглядаў, каталогі, зарэзерваваць гасцініцы і да т.п. Агучваюцца стужкі заране, бо часам на месцы немагчыма знайсці прафесіянальных перакладчыкаў, субтытры – на англійскай мове. Усе капіруем на камп’ютар – ніякіх дыскаў, якія могуць не адчыніцца, таму што нельга рызыкаваць якасцю паказу.
– Ці ёсць магчымасць набыць тое, што падабалася? Ці можна ўбачыць на тэлеэкране штосьці з праграмы?
– На жаль, не. Адсутнічае прававое поле абароны аўтарскіх правоў. Хаця аўтары стужак і пішуць, што не супраць, калі іх работы яшчэ раз убачыць глядач, юрыдычныя аспекты не адпрацаваны. Тое ж і з продажам дыскаў. Так што жадаючым параім не прапускаць паказы падчас работы фестывалю.
– Беларусь адкрываюць для сябе жыхары іншых краін, шчодра дзеляцца водгукамі з журналістамі. Хто з гасцей вам асабліва запомніўся?
– Сям’я з Канады. Яны ў Глыбокім святкавалі гадавіну вяселля – згулялі вяселле па беларускіх звычаях.
– Ці склаліся ў Магніфіката свае традыцыі?
– Кожны раз яго ўдзельнікі садзяць дрэвы. Так што ёсць ужо фестывальная алея.

Добавить комментарий