І паўсотні выданняў

Першая персанальная выстаўка Віктара Кліменкі “Мы толькі вандроўнікі…” у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь стала адкрыццём для многіх – не толькі прыхільнікаў мастацтва, нават і для славутых мастацтвазнаўцаў. Праз чатыры гады пасля таго, як скончыўся зямны шлях мастака, вядомага найперш як цудоўны ілюстратар кнігі (на рахунку яго пятьдзясят аздобленых выданняў), у яго сучаснікаў з’явілася нагода ацаніць і іншыя грані светлага таленту творцы. У экспазіцыі прадстаўлены 68 твораў са збору сям’і мастака і прыватнай калекцыі: “Тая, што танцуе”, “Саламея”, “Ушэсце”, “Музыканты”, “Ружовае трыа”, “Закаханы Арлекін”, евангельская серыя “Страсці па Іудзе”, “Адзінота”, “Супраць плыні”…

Да падзеі быў прымеркаваны і выхад у свет шыкоўнага каталога “Виктор Клименко. Живопись, графика, иллюстрации” з артыкуламі Людмілы Ладзяной, Юрыя Ківалава-Станкевіча, Сяргея Мітурыча, Фаіны Ваданосавай і пранізлівым вершам Марыі Бершадскай “Посвящение Виктору Клименко”, эпіграфам да якога стала цытата з В. Мандэльштама.

Гэта імпрэза і выданне адбыліся дзякуючы блізкім мастака – удаве Ірыне Лобан, яе сястры Людміле Ганчаровай і іншым, хто захаваў у сэрцы светлую памяць пра чалавека, галоўнай рысай якога была інтэлігентнасць.

Акварэль, тэмпера, жывапіс, малюнак, афорт, ілюстрацыі… Выпускнік Маскоўскага паліграфічнага, ён стаў адной з зорак плеяды, што паспрыяла беларускаму мастацтву аздаблення кнігі заняць пачэснае месца на ўсесаюзным узроўні, узбагаціла нацыянальную палітру Беларусі. Мікалай Казлоў, Наталля Сустава, Ірына Лобан, Тамара Мельянец, Валянцін Губараў, Аляксандр Ружо з Масквы і Львова прывезлі ў Беларусь новае бачанне, шмат ідэй, падштурхнулі мастацкі працэс і стварылі тое, што мы з поўным правам называем залатым векам беларускай кніжнай графікі. Пра гэта падчас адкрыцця выстаўкі нагадаў Рыгор Сітніца, старшыня Беларускага саюза мастакоў. Спадар Рыгор павіншаваў прысутных са святам адкрыцця і з горыччу адзначыў, часта тое, што побач быў вялікі талент і светлы чалавек, мы заўважаем толькі пасля яго сыходу. “Галоўная сутнасць мастака – яго твор. Яму дадзена заставацца ў часе. Я смуткую і радуюся адначасова, што ў нас ёсць такія вялікія майстры”.

Высокую ацэнку творчасці Віктара Кліменкі далі яго калегі і сябры – Ніна Марчанка, старшыня творчага аб’яднання “Верасень” БСМ, мастак Раман Сустаў, кандыдат мастацтвазнаўства Вольга Бажэнава, мастацтвазнаўца, дырэктар галерэі Шчамялёва Таццяна Бембель, загадчык кафедры мастацтваў Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ Ігар Духан і інш.

Удава мастака Ірына Лобан адрасавала словы ўдзячнасці ўсім, хто дапамог у арганізацыі мерапрыемства.

Хочацца спадзявацца, што ў гісторыі беларускага мастацтва асэнсаванне спадчыны Віктара Кліменкі зойме свае пачэсныя старонкі, на якіх будуць адзначаны і паўсотні ілюстраваных выданняў з яго ілюстрацыямі.

Вольга ПАЎЛЮЧЭНКА

2014

Добавить комментарий