Па-за межамі ўрока

Можна дзейнічаць у адпаведнасці з агульнапрынятым парадкам, старанна выконваць свае абавязкі – і быць адзначаным падзякамі. А можна, не лічачыся з часам, усё, што, на першы погляд, выпадкова, дбайна скласці ў адну скарбонку і пашырыць далягляды, на некалькі крокаў адышоўшы ад штодзённага. Напрыклад, стварыць літаратурны музей.

Розу Шарую ў студэнцкія гады моцна ўразіла сустрэча з Іванам Навуменкам, тое, як старанна рыхтаваўся выкладчык да заняткаў, кіруючыся дэвізам, што студэнт – не сасуд, які трэба напоўніць, а паходня, якую трэба запаліць. Успаміны пра Івана Якаўлевіча сталі нарысам, як набылі літаратурную форму і ўзгадкі пра сустрэчы, што ладзіліся настаўніцай у школе і па-за яе межамі з Янкам Брылём, Міхасём Лыньковым, Максімам Танкам, Іванам Лашуткам, іншымі творцамі. Уменне зрабіць больш за абавязковае, мэта абудзіць у вучнях любоў да роднага краю праз вывучэнне роднага слова і гісторыі далі плён. У Ільянскай школе адчыніўся народны літаратурны музей “Вілейшчына літаратурная”, які вясной 2013 года адзначыў дваццацігоддзе. Дзейнасць актывістаў, што рупяцца пра яго фонды, не абмежавалася толькі зборам матэрыялаў пра славутых людзей, чые вытокі тут, на Вілейшчыне. У цэнтры ўвагі і героі сённяшняга дня – дзеячы навукі і культуры, ветэраны, працаўнікі. Павазе да людзей, якія ў ваенныя гады абаранілі радзіму, сёння мацуюць яе дабрабыт і выхоўваюць наступныя пакаленні, вучыць кожнае з мерапрыемстваў, што праводзіцца па ініцыятыве няўрымслівага музейнага кіраўніка – Розы Канстанцінаўны. Пра тых, з кім ладзілі сустрэчы ў літаратурнай гасцёўні, пасябравалі і ліставаліся, пра цікавыя падарожжы на радзіму класікаў літаратуры, прэзентацыю кніг і шмат чаго, што можна аб’яднаць паняццем “літаратурны музей” расказала Роза Шарая ў кнізе нарысаў “Душа адкрыта для дабра”.

З дапамогай гэтай не вельмі вялікай па аб’ёме кнігі чытачы зведаюць шмат цікавага. Матэрыялы музея раскажуць і пра сляды на Вілейшчыне Міхала Клеафаса Агінскага, і пра трагічны лёс твораў яўрэйскага філосафа Менашэ бен Ёзэфа, які апярэджваў свой час, і пра тое, як настаўніца Эмілія Кунавіч, якую прыслалі ўлады сюды ў 1920-я, каб апалячваць насельніцтва, закахалася ва ўсё беларускае і пачала ставіць са сваімі выхаванцамі спектаклі на беларускай мове (часам п’есы пісала сама). Добра памятаюць у Ільі і Змітрака Бядулю.

Сёння частыя госці Ільянскай школы – Леанід Левановіч, Мікола Кутас. У свае юбілеі завітваў сюды Уладзімір Папковіч. Ганарацца ільянцы асабістым знаёмствам з сынам Якуба Коласа – Міхаілам Канстанцінавічам. З цеплынёй прыгадваюць і краязнаўцу Міхася Казлоўскага, і доктара і паэта Леаніда Путырскага, якія прыязджалі ў госці. Але найперш прыцягнуць увагу чытача фотаздымкі, сапраўды ўнікальныя, бо многіх, хто захаваны аб’ектывам, ужо няма. Ды зерне, закінутае ў дзіцячыя душы падчас цёплых сустрэч, не прапала дарэмна. Не забываюцца пра школу яе выпускнікі. Дзякуючы намаганням грамадскасці школа сёння носіць імя аднаго з іх – навукоўца Адама Грымаця.

Абагулены вопыт работы за дваццаць гадоў (у выданне таксама ўвайшлі сцэнарыі некаторых сустрэч), мяркуем, зацікавіць настаўнікаў беларускіх школ і дасць напрамак далейшай дзейнасці па-за межамі звычайных урокаў. Справа клапатлівая, але… Відаць, менавіта так сёння трэба змагацца за захаванне жывой цікавасці да роднай літаратуры і гісторыі.

Вольга ПАЎЛЮЧЭНКА