Размова з таварышам патэцыяльным пакупніком пра мастацтва

Персанальныя выстаўкі вядомага графіка і жывапісца Сяргея Балянка збіраюць вялікую колькасць наведвальнікаў.

Не застаюцца па-за ўвагай яго творы і на калектыўных вернісажах. Кожны з іх – ці то графічныя лісты, афорты, жывапісныя палотны, ці вокладкі аздобленых ім кніг – гэта асобная гісторыя, з уласным сцэнарыям, драматургіяй і мовай. Калі хочаце, яго асабісты дзённік, на старонках якога галоўны настрой – сум.
У кожным творы мастак распавядае пра простыя рэчы: чалавечыя адносіны, прыроду, жыццё ў мегаполісе. Востра, трапна, трошкі меланхалічна. Можна бясконца прыдумляць, што будзе далей з героямі схопленага ў яго афорце сюжэта.
Сяргей Балянок нарадзіўся ў 1954 г. у Кіеве. У 1980 г. скончыў Львоўскі паліграфічны інстытут, працаваў у мінскіх выдавецтвах «Университетское», «Эридан», «Беларусь», з 2011 г. – супрацоўнік Музея сучаснага выяўленчага мастацтва.
Персанальныя выстаўкі:
1987 – Дом работнікаў мастацтва («Архіерэйскі дом»). Мінск, Беларусь.
1992 – Польская Акадэмія мастацтваў. Гданьск, Польшча.
1995 – Мастацкі музей. Эйндховен, Нідэрланды.
2004 – Юбілейная персанальная выстаўка. Музей современного изобразительного искусства. Минск, Беларусь.
2006 – Национальный художественный музей Республики Беларусь. Минск, Беларусь.
2010 – Галерея «БелАрт». Минск, Беларусь.
2011 – «Пейзаж с улетающим самолетом». Музей сучаснага выяўленчага мастацтва. Мінск, Беларусь.
2012 – «Тяжелое Соло на Саксе». Галерэя TUT.BY. Мінск, Беларусь.
2014 – «Ничего другого не предлагается». Музей современного изобразительного искусства. Мінск, Беларусь.
2014 – «Блюз железной крыши» Мінск, НББ
2015 – «Все как всегда» Музей современного изобразительного искусства. Мінск, Беларусь.
Яго работы ўпрыгожваюць калекцыі мастацкіх музеяў многіх гарадоў, сярод якіх Вінтэртур, Рыміні, Браунсвік, Эйндховен, Дзьёр, Кракаў, Полацк, Мінск. Ёсць яны і ў прыватных калекцыях Германіі, Швейцарыі, Нідэрландаў, Ірландыі, Швецыі, Францыі, Чэхіі, Канады, ЗША, Ізраіля, Турцыі, Кітая, Расіі.
У выпадку з Сяргеем Балянком было б недаравальнай памылкай толькі зрабіць выстаўку яго красамоўных твораў. Хаця ён і сцвярджае, што творы мастацтва павінны гаварыць самі за сябе. Ды кіраўніцтва музея гэтай памылкі не зрабіла – асобным мерапрыемствам стала арганізаваная ім сустрэча з Сяргеем Уладзіміравічам, на якой жадаючыя маглі задаваць яму любыя пытанні. Зразумела,пра мастацтва.
– Чаму большасць вашых работ чорна-белыя?
– У мяне ад нараджэння пачуццё колеру, пачуццё кампазіцыі, таварыш прырода так нагрузіла мяне зместам, што лепш бы яна гэтага не рабіла, тады б я жыў добра. (Смяецца.)
– У вас унушальны спіс выставак. Часта бываеце за мяжой?
– Фізічна я прысутнічаў на трох з іх. Нідэрланды, Эйндховен – прыйшло запрашэнне, купляйце квіток і прыязджайце. Астатнія расходы за наш кошт. Я пацікавіўся, колькі каштуе праезд туды і назад, і адразу расхацелася і ў Нідэрланды, і ў Шанхай. Тады за 100 еўра я тут сям’ю карміў цэлы месяц.
Квіткі трэба набываць тут. А за карціны грошай так многа не даюць. Быў у Швецыі і Швейцарыі – за кошт прынімаючага боку. У Гданьску, у Акадэміі мастацтваў польскай.
– Сяргей Уладзіміравіч, што трэба, каб атрымаўся мастацткі твор?
– У работы павінен быць сэнс. Дарэчы, данесці сэнс карціны можна і без жывапіснасці, і без добрай кампазіцыі. Але калі тры гэтыя складнікі супадаюць, тады і атрымліваецца шэдэўр.
Чаму работы падабаюцца людзям ва ўсіх краінах? Нават калі ты не разумееш замежнай мовы, ты адчуваеш мастацтва, у ім ёсць штосьці і для цябе.
А калі стаіш ды аналізуеш – вось тут добра намалявана, а вось тут не вельмі, а вось тут няправільная форма – гэта ўжо не мастацтва, а зробленая работа. Я «зрабіў» работу. Работа харошая. А мастацтва дзе? І з пісьменнікамі тое самае. Намаляваць можа любы, хоць крышачку адораны прыродай. Набіць руку – і будзе сядзець вымалёўваць яблычкі зусім як сапраўдныя. І называць сябе мастаком. Так і вершы складаюуь, і кніжкі пішуць, літаратарамі робяцца. А застаюцца праз стагоддзі адзінкі. І таварыш патэнцыйны пакупнік лётае ў роспачы і не ведае, дзе ж насамрэч мастацтва.
– А як вы сталі займацца афортам?
– Калі вучыўся ў паліграфічным інстытуце, у нас былі ўрокі малюнку, як і мастацтвазнаўства.

Гэта рабілася для таго, каб мы разумелі, з чым маем справу, хаця прафесія, да якой рыхтавалі, – кніжнае аздабленне, рэдагаванне друкаваных работ. Мяне яна цалкам задавальняла. А аднойчы атрымаў доступ да бясплатнага цынку і вырашыў паспрабаваць гравюру.
– Чаму журналісты называць вас «нетыповы графік»?
– У інстытуце мяне вучылі маляваць 5 гадоў. А потым я 15 гадоў развучваўся. Таму што калі малюеш правільна, атрымліваецца, як ты ні круці, менавіта акадэмічны малюнак і нішто іншае. Усё падобна, але сумна. І прыходзіць думка – трэба парваць форму. І пачынаеш рваць форму. Так і працую: спачатку раблю правільна, а потым пачынаю рваць. Тое, што прыгожа ў натуры, яшчэ не азначае, што будзе настольбкі ж добра выглядаць на зададзеным фармаце на лісце. Гэта дзве вялікія розніцы. Тое, што робіць мастак, гэта кавалачак прыроды, але ён ужо намаляваны.
Граматныя выкладчыкі казалі – натура можа проста даваць мастаку штуршок. Скажам, на белым стале паставім чорныя і чырвоныя кубачкі, а вось на карціне гэту поставіш ттрохвугольную, у адну нальеш каву, у другую – чай, тут адломіш ручку, кубак лунае ў паветры – і выяўленчае мастацтва пачынае працаваць.
Павінна быць цікава – не проста тым, што яно падобнае. Для мяне гэта крытэрый вызначэння ўмення аўтара маляваць.

Вольга ПАЎЛЮЧЭНКА

Добавить комментарий