
На завяршаючы дзень XX Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2021” супрацоўнікі і студэнты БДУКМ запланавалі не толькі вандроўку ў прыгожы ветлівы горад на канцэрт ансамбля “Песняры”. Найперш завіталі ў Вязынку да Купалы. І сімвалічна, што экскурсію супрацоўніца музею пачала с песні “Мая малітва” на словы паэта ў выкананні Уладзіміра Мулявіна, якая гучала з манітора наўпрост з адчыненага куфра, дзе нашы продкі захоўвалі самыя дарагія рэчы.
Наведваючы Купалаўскі мемарыяльны запаведнік, кожны раз сустракаешся з нечым новым у месцы, якое, здаецца, добра знаёма. Трынаццаты дзень чэрвеня парадаваў мяккімі прыглушанымі фарбамі адцвітаючага безу, цішынёй і той асаблівай прыгажосцю, якая натхняе творчыя душы. 80-гадовы юбілей Мулявіна, асобы, унёсак якой у беларускую культурную скарбніцу неацэнны, юбілей фестывалю — ужо дваццаць гадоў ён збірае аматараў песні і паэзіі сталі добрай нагодай для дзяржаўнага ансамбля стварыць праграму “Прысвячэнне Песняру” і запрасіць гледачоў менавіта ў Маладзечна.


Канцэрт прайшоў пад гарачыя апладысменты, зала дружна падпявала, бо ўсе прысутныя на памяць ведалі словы музычнай спадчыны Мулявінскіх “Песняроў”. “Самая спеўная зала”, па словах артыстаў, не магла не адгукнуцца на яскравае выкананне земляка Артура Міхайлава, Алега Жалязнякова і іншых выканаўцаў. Мастацкі кіраўнік Раман Козыраў годна прадставіў кожнага ўдзельніка канцэрта — таленты з розных беларускіх гарадоў на высокім мастацкім узроўні данеслі да прысутных глыбіню і веліч атрыманага музычнага скарба.

Паміж двума мерапрыемствамі нам пашчасціла завітаць у Мінскі абласны краязнаўчы музей, які аддаў даніну павагі яшчэ аднаму юбілею — Мінскага абласнога драматычнага тэатра. Выстаўка “Тэатральныя замалёўкі” расказвала пра вытокі тэатральных традыцый: гурток у настаўніцкай семінарый, народны тэатр Маладзечанскага ГДК і МОДТ, слынную “Камедыю” якога паглядзець трэба абавязкова. Дарэчы, тэатральны рэквізіт дазваляюць выкарыстоўваць для фотасесій.

Менавіта да фестывалю прымеркавана і персанальная выстаўка скульптара Аляксандра Фінскага «Спявак культуры краю». Імя ўраджэнца Мінскай вобласці, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь добра вядома маладзечанцам. На ўездзе ў горад мінчан вітала скульптурная кампазіцыя «Пакроў Прасвятой Багародзіцы» – духоўны сімвал Маладзечна, другая работа творцы, «Зямля і неба», упрыгожвае пляцоўку каля Палаца культуры. Для экспазіцыі было створана некалькі работ, сярод якіх прысвячэнне Мулявіну «Крык птушкі».
Нельга не адзначыць удалае вырашэнне пастаяннай экспазіцыі “Гісторыя Міншчыны ад старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя”, у якой ёсць і слуцкі пояс, і старажытная тора, і тканы ручнік, і татарскі дыванок. З вялікім гонарам прадэманструюць супраўоўнікі музея рарытэты з Нясвіжскага палаца, мундзір французскага музыканта часоў вайны з Напалеонам і іншыя гістарычныя каштоўнасці, якіх багата ў фондах.
Не праміне позірк наведвальніка і ланцужок дзіцячых малюнкаў, масток сувязі мінулага і будучыні.
Маладзечна неабходна наведаць. Візіт можна прымеркаваць да свята ці тэатральнай імпрэзы, а можна проста вырвацца са сталічнага тлуму, адчуць цішыню, дакрануцца да замкоў “на шчасце”, што чапляюць маладажоны на мастку ў Парку Перамогі, і прыгадаць галоўны наш скарб — гасціннасць: абавязкова зазірніце ў кавярню, дзе на сурвэтку ветлівая дзяўчына наклеіць добрае пажаданне. Напрыклад, мне дасталося, што мары спраўдзяцца.
Вольга Паўлючэнка,
фота аўтара і Н. В. Смаляк