“Яны пачынаюць пець там, дзе апынаюцца разам”

Сцэна Вялікай канцэртнай залы Белдзяржфілармоніі прымала 19 красавіка 2022 г. узорны хор “Кантылена” ДМШМ № 5 г. Мінска, якому споўнілася 15 гадоў. Разнастайнасць дыяпазону магчымасцей проста ўражвала: у рэпертуары былі і афрыканскі спірычуэлс, і “Libertango” Астара Пьяцолы, і рускія народныя і класічныя песні, кульмінацыяй стала выкананне беларускіх песень дзякуючы салісткам Еве Выблавай і Ніне Юхман. Запомніўся прысутным і вядучы Ілья Саковіч. Безакорнымі былі прадуманае тэхнічнае  афармленне свята і ўлік спецыфікі дзіцячай аўдыторыі.

Увесь гэты час кіруе калектывам Іна Сяргееўна Маргачова, у чый адрас прагучала шмат добрых слоў. Не забыліся бацькі, калегі і госці свята і пра канцэртмайстра Кацярыну Шычко. Атмасфера любові, спагады і захаплення спевамі, створаная дарослымі і дзецьмі, прынесла шмат плёну: на рахунку хору безліч узнагарод беларускіх і міжнародных конкурсаў. “Кантылена” – пастаянны ўдзельнік урачыстых мерапрыемстваў у канцэртным зале “Верхні горад”, Палацы Рэспублікі, БДФ.

“Яны пачынаюць пець там, дзе апынаюцца разам”, – з замілаваннем кажуць бацькі, што аддана суправаджаюць юныя таленты ва ўсіх вандроўках. Мастацкі кіраўнік І. С. Маргачова падзякавала адміністрацыі школы за створаныя ўмовы развіцця талентаў, выпускнікам калектыву, якія не забываюць пра яго, удзельнічалі і ў юбілейнай імпрэзе. (Выхаванцы “Кантылены” працягваюць адукацыю ў музычных ВНУ сталіцы.)

Зала была поўная: не толькі бацькі і настаўнікі, адміністрацыя школы і раёна сабраліся павіншаваць калектыў. Удзел у мерапрыемстве прымалі і тыя, хто толькі пачынае свой шлях у мастацтве, – вучні пятай школы: маленькія артысты хора “Piccoli” (кіраўнік Жана Пупкевіч), хора першых класаў (кіраўнік Ксенія Борыс), а таксама майстры – струнны ансамбль «Кансананс» (кіраўнік – Ганна Адынец) і запрошаная госця Самара Хасун. Колькасці руж, якія атрымалі педагогі, была вартая любой сусветнай зоркі.

Вольга Паўлючэнка

Фота прадастаўлены А. А. Юхманам

Добавить комментарий