На вуліцы, што названа ў гонар Героя
Савецкага Саюза, удзельніка Вялікай Айчыннай войны Паўла Сямёнавіча Рыбалкі,
зусім нядаўна адбыўся вернісаж пад адкрытым небам. Вокны філіяла
бібліятэкі № 3 імя Уладзіміра Маякоўскага звонку ўпрыгожылі дзіцячыя малюнкі на тэму Перамогі. Выстаўка не
пакінула абыякавымі жыхароў раёна. Натхнёная інтарэсам чытачоў – пастаянных і
патэнцыяльных – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, бібліятэкар Таццяна Каленік
рыхтуе новую акцыю – “Лісты з лета”, мэта якой – прыгадаць забытае пачуццё
свята, калі старанна выводзіў індэкс на канверце, падпісваў адрас і ўяўляў, як
парадуецца адрасант атрыманай паштоўцы.
Да таго ж, 2 жніўня ва ўсім свеце
адзначаецца Дзень нараджэння паштовай скрыні. Не за гарамі 19 жніўня, яшчэ адно свята – Дзень паштовай маркі. За ім 9 кастрычніка – Сусветны
дзень пошты.
Спадарыня
Таццяна запрашае ўсіх жадаючых прыслаць паштоўку на адрас бібліятэкі. Выдатна,
калі вы зробіце яе самі – створыце калаж ці намалюеце штосьці. Пра што пісаць?
Пра яркае ўражанне летняга дня – невялічкі вершык ці абразок. Можа, гэта будзе пра хараство прыроды, ці падзяка за ўсмешку сябра, ці пра
цікавую сустрэчу, якая з вамі адбылася. Цудоўна, калі бацькі і дзядулі з
бабулямі дапамогуць стварыць такую паштоўку маленькім чытачам. Чакаюць пошту ад
вас да 19 жніўня 2024 года.
У беларускай сталіцы філіял бібліятэкі № 3 імя Уладзіміра Маякоўскага прапісаны па адрасе: 220033 г. Мінск, вул. Рыбалкі, 2.
Вернісаж
адбудзецца пры любым надвор’і!
Хочаце ўпэўніцца – сёмага жніўня з 14.00 да 18.00 завітайце ў бібліятэку паглядзець на першыя дасланыя творы.
Вольга Паўлючэнка