Два месяцы і сто гадоў

У Купалавым доме сёння прымала гасцей новая выстаўка. Творы Валяр’яны Жолтак “Смак да жыцця” з прыватнай калекцыі Аляксандра Радаева

спалучаліся з дакументамі і фота, рэчамі з майстэрні і нават уборамі. Першы твор мастачкі Аляксандр набыў у мастацкай галерэі – нацюрморт з кветкамі і пяшчотным сланечнікам. Потым прысвяціў Валяр’яне Канстанцінаўне дыпломную работу. І адна з апошніх у яго калекцыі – таксама яе пэндзля, вялікі нацюрморт, што заняў месца побач са скульптурай Янкі Купалы.

Ва ўтульнай зале музея ўся калекцыя Аляксандра нават не змясцілася. “З дзясятак дакладна маглі павесіць яшчэ, каб было месца. Нас не зразумелі бы мастацтвазнаўцы іншых музеяў, каб мы парушылі пэўныя правілы”, – заўважае А. Радаеў. Але кожнаму наведвальніку хопіць і гэтага, каб скласці ўяўленне пра лёс, мары , памкненні, узровень адукацыі. Нават эцюды сцвярджаюць яе глыбокі прафесіяналізм.

Вельмі цікавымі сведкамі часу сталі і архіўныя фотаздымкі, і партрэты – аўтапартрэт і выкананы сяброўкай Аляксандрай Паслядовіч з надпісам “Дарю тебе твою молодость”. Яны сябравалі шмат гадоў – Валяр’яна Жолтак, Алена Лось і Аляксандра Паслядовіч, якая не дачакалася сваёй персанальнай выстаўкі – заўчасна пайшла з жыцця. Такія розныя па творчай манеры і такія адзінадушныя ў захапленні роднай зямлёй, яе краявідамі і кветкамі. У Аляксандра Радаева ў калекцыі захаваліся нават запрашальныя білеты на выстаўку Алены Лось і Валяр’яны Жолтак у Палацы мастацтва ў 1989-м, на якую і мне пашчасціла трапіць упершыню ў якасці журналіста.

Валяр’яна Канстанцінаўна нарадзілася сто гадоў таму, але выстаўка да гэтай даты адчынілася не 13 снежня мінулага года, а 13 лютага, праз два месяцы пасля ўрачыстасці, таму што планы музеяў вярстаюцца загадзя, у лістападзе. Тым больш прыемна, што год пачынаецца з такой высокай планкі.

Вольга Паўлючэнка, фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *