Арт-вандроўкі па кніжных старонках і не толькі

Аматары кніжнага мастацтва з вялікім задавальненнем канстатуюць – з’явілася шмат цікавых выданняў на беларускіх палічках.

У 2019 годзе пра тое, каб чытач даведаўся пра слынных мастакоў Беларусі парупіліся ІВЦ Мінфіна, дзе ўбачыў свет зборнік інтэрв’ю Вольгі Паўлючэнкі з ілюстратарамі «Малюнак пад кніжнай вокладкай», выдавецтва «Беларусь» пачало новую серыю «Палац мастацтва» кнігай «Валерый Славук», а серыя «Мастацкай літаратуры» ЖЗЛБ пабагацела на выданне «Барыс Аракчэеў. Бэз малюецца на шчасце», укладальнікамі якой сталі Аксана Аракчэева і Алена Масла.

Першы гаспадар “Палаца”

Аднойчы ўбачыўшы графіку Валерыя Славука, беспамылкова пазнаеш любыя яго творы. Валерый Пятровіч стварыў сусвет, населены фантастычнымі істотамі, якія арганічна ўпісваюцца ў акаляючую прастору зачараванага леса. Часцей за ўсё – асенняга, калі лістота не перашкаджае адчуваць неабсяжную прастору за строгімі лініямі галін.

Не знайшлося нікога, хто быў бы супраць, што менавіта творчасці Валерыя Славука будзе прысвечаны першы том новай серыі, нараджэнню якой паспрыяла Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Лаўрэату шматлікіх прэмій (прэміі прафсаюзаў Беларусі (1993), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2001), спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва (2018)), які, дарэчы, вельмі сціплы чалавек і любую прэзентацыю ахвотна памяняе на работу ў майстэрні, давялося прадстаўляць выданне ў кнігарні “Светач”, спадзяюся, атрымаць аўтограф майстра пашчасціць і наведвальнікам ММКВК. Дырэктар выдавецтва Сяргей Пешын адзначыў, на жаль, далёка не ўсё, створанае мастаком, змаглі сабраць: “Працы пакідаюць межы краіны, але ж фіксацыя павінна адбывацца дзеля будучыні”. Сяргей Уладзіміравіч лічыць Валерыя Славука народным мастаком – бо яго творы ведаюць і любяць нават тыя людзі, “якія да мастацтва ставяцца вольна”. Дырэктар галоўнага храма мастацтваў Аляксандр Зінкевіч назваў Валерыя Пятровіча “Джорджам Лукасам беларускага мастацтва”. Рэктар БДАМ М. Баразна ўпэўнены, мастацкі свет Славука настолькі шматгранны, што нельга распавесці пра яго простымі фармулёўкамі, нават і з пункту гледжання мастацтвазнаўства. А Р. Сітніца пажартаваў, што адказ “У нас Славук ёсць!” спыняе ўсе спрэчкі наконт апраўдання існавання Саюза мастакоў.

У шыкоўным выданні на трох мовах – беларускай, рускай, англійскай, чытача чакаюць унікальныя партрэты мастака (не толькі фотаздымкі, але і твор пэндзля Л. Шчамялёва), прадмовы А. Карлюкевіча і М. Баразны і чатыры раздзелы: “Малюнкі”, “Афорты”, “Ілюстрацыі”, “Вокладкі”.

І сёння ў кожнага з нас ёсць магчымасць ацаніць увесь створаны мастаком сусвет, а таксама шчыра ўсміхнуцца, калі позірк выхапіць вокладкі добра знаёмых з дзяцінства кніжак, над якімі працаваў Валерый Славук.

Бэзавая таямніца Барыса Аракчэева

Нястомная дзейнасць малодшай дачкі мастака Аксаны, якая адну за адной арганізуе выстаўкі бацькавых твораў у Беларусі і за яе межамі, стварае ілюзію поўнай прысутнасці Барыса Уладзіміравіча побач з намі. Добрай традыцыяй для сям’і стала ладзіць выстаўкі да дня нараджэння мастака, вось і сёлета 2 красавіка чакаецца адкрыццё выставы “Хай вецер пяе ў роднай зямлі!”. Менавіта ў гэты дзень адзінаццаць гадоў таму адбылася першая выстаўка Барыса Аракчэева ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча з назвай “Мая Яраславія”, прысвечаная малой радзіме мастака.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены беларускія краявіды жывапісца Б. Аракчэева, а таксама яго дачок Алёны, Марыны, Аксаны і ўнука Міхася,  творы жывапісу, графікі і фатаграфіі, якія паказваюць прыгажосць беларускай зямлі. І на мерапрыемстве Аксана Барысаўна нагадае, для таты вельмі важна было намаляваць квітнеючы бэз, таму што, калі гэтага не зробіш, лічы, год пражыў дарэмна. Пра гэта і яшчэ шмат цікавага з творчага жыцця Барыса Уладзіміравіча чытач даведаецца са старонак кнігі «Барыс Аракчэеў. Бэз малюецца на шчасце», аўтарамі якой сталі мастацтвазнаўцы, калегі, родныя і сябры славутага майстра і яго малодшай дачкі. Крок за крокам паглыбляючыся ў яго апаленае вайною дзяцінства і юнацтва, мы зразумеем, чаму менавіта такія тэмы хвалявалі, наколькі адданы быў свайму прызначэнню, якім быў настаўнікам, мужам, бацькам. Выданне багата аздоблена фотаздымкамі з сямейнага архіву і рэпрадукцыямі твораў мастака. Стала ўжо добрай традыцыяй ладзіць выстаўку да Дня нараджэння мастака Барыса Аракчэева ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, і гэта вясна не будзе выключэннем: 23 красавіка 2020 года ў Купалавым доме адбудзецца вернісаж “Як у садзе кветка”. Будуць прадстаўлены творы з асабістай калекцыі дынастыі Аракчэевых. Аксана заўсёды як справаздачу перад бацькам, сваім першым настаўнікам, пакажа творы апошняга году.

Беларускім ілюстратарам прысвячаецца

Беларускія ілюстратары вядомыя ва ўсім свеце: Валерый Славук, Павел Татарнікаў, Юрый Якавенка, Раман Сустаў, Валянцін Губараў, Сяргей Волкаў, Вольга і Юрый Крупянковы, Аксана Аракчэева і многія іншыя героі зюборніка журналіста Вольгі Паўлючэнкі “Малюнак пад кніжнай вокладкай” прызнаныя і запатрабаваныя ў Расіі, Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі і іншых краінах, дзе цэніцца Мастацтва кнігі.

Аўтар прыадкрые чытачу дзверы ў святая святых – творчую майстэрню 36 беларускіх мастакоў. “Мы ўсе выраслі на добрых ілюстраваных кніжках, – сцвярджае журналіст. – Яны сфармавалі наша вобразнае ўяўленне пра дабро і зло, будзілі ўяўленне, выхоўвалі эстэтычны густ. Пра людзей, якіх з поўным правам можна назваць суаўтарамі тых, чыё імя на вокладцы, – беларускіх ілюстратараў распавядае мая кніга.

Прачытаць яе будзе цікава не толькі і не столькі мастацтвазнаўцам, хоць у ёй утрымліваюцца кароткія біяграфічныя звесткі аб кожным з маіх суразмоўцаў, іх узнагародах і выставах, выданнях, якія яны аформілі, але ўсім, хто любіць кнігу, працуе з дзецьмі і цікавіцца культурай Беларусі.

“Малюнак пад кніжнай вокладкай” – серыя інтэрв’ю з беларускімі кніжнымі графікамі, раскрывае іх унутраны свет, кола чытацкіх пераваг, шлях у мастацтва, успаміны аб сваім дзяцінстве і разважанні пра будучыню друкаванай кнігі у кампютарнай сучаснасці. На жаль некаторых маіх суразмоўцаў, а артыкулы пісаліся ў 2010–2015 гадах, ужо няма ў жывых: Арлена Кашкурэвіча, Алены Лось, Мікалая Казлова, Уладзіміра Пощастьева. І гэтая кніга – светлая ім памяць”.

Вандроўка па старонках гэтай кнігі, знаёмства з яе героямі і іх творчасцю можа працягнуцца ў культурнай прасторы сталіцы: шмат прыхільнікаў беларускага мастацтва наведалі выстаўку Юрыя Крупянкова “Старонкі памяці. Маё мястэчка”, прысвечаную ахвярам Халакосту, у галерэі Палаца Рэспублікі “Універсітэт культуры”, прэзентацыю “Мастак-ілюстратар-сааўтар” з удзелам Лады Ледзеневай у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, “Без шкла. 12 акварэляў Вячаслава Паўлаўца” ў арт-кафэ Нацыянальнага мастацкага музея (дарэчы, мэтазгодна пашукаць выданне пазамінулага года – альбом “Акварэльны сусвет Вячаслава Паўлаўца”), да 16 сакавіка ў гэтым жа музеі гледачы могуць пазнаёміцца з жывапісам і графікай Юрыя Хілько на выстаўцы “Цень ветру”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *